Нязломнага анархіста Васьковіча этапавалі з Магілёва ў «крытку»
Пакуль невядома, куды.
Актывіста незарэгістраванай БХД Яўгена Васьковіча этапавалі з Магілёўскай папраўчай калоніі № 15. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў адміністрацыі калоніі, але не паведамілі, куды менавіта.
Пра перавод сына не ведае пакуль яго маці Рушання Іванаўна. У апошнім ліьце Яўген паведамляў ёй, што яго пераводзяць у памяшканне камернага тыпу. Як заявіла супрацоўніца калоніі, маці арыштанта паведамяць пра новае месца адбыцця пакарання сына цягам трох сутак пасля яго прыбыцьця туды.
У папраўчай калоніі № 15 Яўгена Васьковіча не раз змяшчалі ў штрафны ізалятар за парушэнне рэжыму. Ён адмаўляўся выконваць загады турэмшчыкаў.
Яўгена Васьковіча і двух прыхільнікаў ідэяў анархізму Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі за напад на будынак бабруйскага КДБ у кастрычніку 2010 года. Бабруйскі суд прызнаў іх вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясенні шкоды ў асабліва буйных памерах.
Васьковіч прызнаў факт нападу, але не пакаяўся. Пракапенка і Сырамалотаў віну прызналі і раскаяліся. У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года хлопцы кінулі ў будынак КДБ дзве бутэлькі з «кактэйлем Молатава».
Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» настойвае на прызнанні Яўгена Васьковіча палітвязнем, аднак асуджае ўчынак, за які яго пакаралі. Паводле партыйцаў, актывіст адседзеў даволі за ўчыненае. Вырак Васьковічу называецца палітычна матываваным.