БЕЛ Ł РУС

Экспазыцыя наіўнага мастацтва ў Заслаўі

21.02.2007 / 11:13

З 20 лютага да 20 сакавіка выстава клясыкаў беларускага інсытнага мастацтва — Язэпа Драздовіча, Алены Кіш, Фёдара Максімава, Міхала Засінца.

Экспазіцыя работ беларускіх майстроў інсітнага мастацтва адкрыецца 20 лютага ў гісторыка‑культурным музеі‑запаведніку «Заслаўе». Тут таксама адбудзецца ўрачыстая прэзентацыя кнігі‑альбома «Патаемнае наіўных мастакоў Беларусі» аб вытоках і сённяшнім дні інсітнага мастацтва.

Як расказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар гісторыка‑культурнага музея‑запаведніка «Заслаўе» Мікалай Паграноўскі, у заслаўскім музеі сабрана багатая калекцыя твораў беларускіх прымітывістаў — самабытных мастакоў‑самавучак, якія не атрымалі спецыяльнай адукацыі. Іх лепшыя работы ў жывапісе, графіцы, скульптуры, а таксама маляваныя дываны будуць шырока прадстаўлены ў экспазіцыі.

Яркай падзеяй выстаўкі стане і прэзентацыя кнігі на гэту тэму, напісанай старшым навуковым супрацоўнікам музея‑запаведніка «Заслаўе» Юрыем Малашам, вядомым у рэспубліцы прадстаўніком наіўнага мастацтва. Менавіта ён і выступіў ініцыятарам выставачнага мерапрыемства.

Мікалай Паграноўскі адзначыў, што кніга‑альбом «Патаемнае наіўных мастакоў Беларусі» выпушчана выдавецтвам «Літаратура і Мастацтва» пры фінансавай падтрымцы ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама і Заслаўскага гарвыканкама. На яе багата ілюстраваных старонках прадстаўлена творчасць як ужо памерлых беларускіх класікаў інсітнага мастацтва — Фёдара Максімава, Алены Кіш, Язэпа Драздовіча, Міхаіла Засінца, так і тых, хто сёння працуе, — Сяргея Коваля, Антаніны Майсеевай, Уладзіслава Стальмахова. Кніга‑альбом выдадзена на дзвюх мовах — беларускай і англійскай.

Творчы праект, прысвечаны беларускаму інсітнаму мастацтву, адрасаваны шырокаму гледачу. Спецыяльна распрацаваная экскурсія дапаможа атрымаць найбольш поўнае ўяўленне аб вытоках і развіцці гэтага віду мастацтва, якое бярэ свой пачатак у 20‑я гады мінулага стагоддзя.

Экспазіцыя будзе працаваць да 20 сакавіка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула