У Брэсце забаранілі пікет салідарнасці з Алегам Стахаевічам
Кіраўніку прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Зінаідзе Міхнюк брэсцкіі гарвыканкам забараніў праводзіць пікет салідарнасці са звольненым кіраўніком суполкі незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах
Чыноўнікі забаранілі пікет на той падставе, што Міхнюк не заключыла дамоваў з медыкамі, камунальнікамі і міліцыяй, каб тыя абслугоўвалі акцыю.
Аднак спадарыня Міхнюк кажа, што гэтыя службы яшчэ самі не ведаюць, як заключаць гэтыя дамовы: «Мы пайшлі да камунальнікаў, камунальнік нас паслаў на завод па перапрацоўцы смецця... Карацей, ніхто яшчэ не заключаў ніякіх дамоваў, бо ніхто не ведае, як іх заключаць. Хаця такое патрабаванне дзейнічае ад сярэдзіны 2011 года. А што, улады не праводзілі ніякага мерапрыемства або праўладныя грамадскія арганізацыі? Ім не патрэбна, бачыце, заключаць дамовы, а нам трэба...»
Спадарыня Міхнюк распавяла, што хаця пікет забаранілі, знойдуцца іншыя формы салідарнасці з працоўнымі «Граніта».
«Тым болей, мы з'ездзілі ў Мікашэвічы, і мы ведаем, што гэтых хлопцаў не зламаюць, бо яны мацней за граніт. Мы пераканаліся, што працаўнікі «Граніту» не будуць туалетнай паперай для начальства», — кажа Зінаіда Міхнюк.
Пікет салідарнасьці з Алегам Стахаевічам плянаваўся ў Брэсце 7 сакавіка ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Спадарыня Міхнюк планавала, што ў ім возьме ўдзел да 50 чалавек.
Алег Стахаевіч быў звольнены з прадпрыемства «Граніт» у Мікашэвічах пасля таго, як ачоліў суполку незалежнага прафсаюза напрыканцы 2011 года. Тады некалькі соцень працоўных выйшлі з афіцыйнага прафсаюза і стварылі суполку Беларускага незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве «Граніт».