«Усё нармальна, асвойваюся»
Алесь Бяляцкі даслаў першую вестку з Бабруйскай калоніі.
Жонка палітычнага зняволенага, кіраўніка зачыненай уладамі праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук атрымала ад яго першую паштоўку з Бабруйскай калоніі.
Бяляцкі пераведзены ў Бабруйск з Жодзінскага СІЗА. Падчас этапу ад Бяляцкага ніякіх лістоў не было. Паштоўка з калоніі датавана 29 лютым. Па словах Наталлі Пінчук, паштоўка вельмі кароткая, але важная для яе.
— Даўно ўжо чакала гэты ліст, гэтае паведамленне аб тым, што ён сапраўды можа пісаць, што ён жывы і ў гэтым сэнсе для мяне гэта важная падзея.Ён паведамляе, што яго давезлі да месца прызначэння нармальна, цяпер асвойваецца.
Алесь Бяляцкі прыгавораны да 4 гадоў і 6 месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд быў вынесены 24 лістапада 2011 года суддзёй Першамайскага раённага суда Мінска Сяргеем Бандарэнкам.
***
Даслаць ліст ці паштоўку палітвязню, павіншаваўшы яго, напрыклад, з будучым Днём Волі, можна (і варта) на наступны адрас:
Выпраўленчая калонія № 2. 213 800, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.
Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу.