БЕЛ Ł РУС

У Мінску — прэм’ера музычнай кампазіцыі паводле «Поргі і Бес»

28.06.2012 / 10:6

Пры падтрымцы пасольства ЗША.

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі 29 чэрвеня пры падтрымцы пасольства ЗША адбудзецца прэм’ера музычнай кампазіцыі паводле оперы Джорджа Гершвіна «Поргі і Бес», паведаміў мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк на прэс-канферэнцыі ў Мінску 27 чэрвеня.

Паводле яго слоў, гэта ўнікальная падзея ў культурным жыцці Беларусі, опера з’яўляецца бестселерам сусветнай опернай класікі. «Поргі і Бес» уключае элементы негрыцянскага фальклору і блюзавыя матывы, выходзячы за рамкі традыцыйных канонаў жанру оперы. Мелодыі і арыі з «Поргі і Бес» і сёння вельмі папулярныя, адзначыў Гільдзюк.

Музычныя кампазіцыі ў Мінску прагучаць у канцэртным выкананні славутых салістаў з ЗША Майкла Рэдынга і Кеарсцін Пайпер Браўн. У канцэрце таксама возьмуць удзел Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзякі, беларускія і расійскія спевакі.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан падкрэсліў, што «Поргі і Бес» адлюстроўвае ўсю разнастайнасць Злучаных Штатаў, з’яўляецца адным з самых важных твораў амерыканскай культуры. Скэнлан сказаў, што пасольства было рада падтрымаць пастаноўку і садзейнічаць прыезду двух амерыканскіх акцёраў у Беларусь.

Кеарсцін Пайпер Браўн адзначыла, што выконвала ролю Бес у розных краінах і рада апынуцца на сцэне ў Беларусі. Яе партнёр Майкл Рэдынг паведаміў, што часцей спяваў партыю Поргі за межамі ЗША, чым на радзіме. Ён таксама дадаў, што марыць выканаць арыю Яўгена Анегіна ў аднайменнай оперы на музыку Пятра Чайкоўскага.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула