БЕЛ Ł РУС

Мезін павінен выплаціць «Дынама-Мінск» сотні тысяч даляраў

24.07.2012 / 9:54

Згодна з прававым рэгламентам КХЛ, галкіпер зборнай Беларусі павінен аддаць клубу траціну сваёй гадавой зарплаты.

Датэрміновае скасаванне дамовы з Андрэем Мезіным ініцыяваў хакейны клуб «Дынама-Мінск». «У сувязі з невыкананнем кантрактных абавязанняў перад ХК» Дынама-Мінск» у зборнай Беларусі, якое выявілася ў самавольным ад’ездзе падчас чэмпіянату свету — 2012, кіруючыся артыкуламі 29 і 32 прававога рэгламенту КХЛ, пунктам 5 артыкула 42 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, клуб прыняў рашэнне пра датэрміновае скасаванне кантракту з Андрэем Мезіным на падставах, якія адносяцца да дысцыплінарных спагнанняў», — заявіла прэс-служба дынамаўскага клуба.

У артыкуле 29 прававога рэгламенту КХЛ гаворыцца, што «пры датэрміновым скасаванні кантракту з ініцыятывы клуба на падставах, якія адносяцца да дысцыплінарных спагнанняў, хакеіст абавязаны зрабіць на карысць клуба, з якім быў скасаваны кантракт, грашовую выплату ў наступным парадку і памерах: 1) калі хакеіст не дасягнуў да моманту скасавання кантракту ўзросту 29 гадоў, ён выплачвае клубу 2/3 ад сумы заработнай платы, нявыплачанай за перыяд, які застаўся да заканчэння тэрміну кантракту; 2) калі хакеіст дасягнуў да моманту скасавання кантракту ўзросту 29 гадоў, ён выплачвае клубу 1/3 ад сумы заработнай платы, нявыплачанай за перыяд, які застаўся да заканчэння тэрміну кантракту».

Паколькі Андрэю Мезіну 8 ліпеня споўнілася ўжо 38, то ён павінен будзе выплаціць траціну сумы.

Прычым хакеіст абавязаны зрабіць грашовую выплату на карысць клуба цягам двух месяцаў з дня скасавання кантракту. Больш за тое, цягам перыяду, роўнага тэрміну, пакінутаму да заканчэння кантракту, клуб захоўвае за сабой права спартыўнай прыналежнасці на такога хакеіста. А калі пасля заканчэння названага тэрміну кампенсацыя гульцом не была выплачаная, то правы захоўваюцца за клубам да моманту выплаты кампенсацыі.

Так што калі КХЛ прызнае такое звальненне Андрэя Мезіна правамерным, то

ён не толькі не атрымае няўстойкі за датэрміновае скасаванне кантракту, але і вымушаны будзе сам заплаціць немалую суму, бо тэрмін пагаднення хакеіста з «Дынама» заканчваецца толькі ў канцы наступнага сезону, а гадавы заробак галкіпера, паводле звестак газеты «Прэсбол», складаў каля $800 тыс.

Яшчэ 1 чэрвеня на сустрэчы з журналістамі адказваючы на пытанне пра тое, ці не паўплываў на рашэнне аб скасаванні кантракту з Андрэем Мезіным яго самавольны скандальны ад’езд з базы нацыянальнай зборнай на мінулым чэмпіянаце свету ў Хельсінкі, спартыўны дырэктар мінскага «Дынама» Ігар Матушкін адказаў: «Усё ў гэтым свеце ўплывае на ўсё. Я правёў з Андрэем пару тэлефонных размоваў, сустракаліся і з вока на вока. Але дэталі інцыдэнту ў Хельсінкі мы каментаваць не будзем. Прынамсі да таго часу, пакуль не расстанемся з Мезіным юрыдычна. Андрэй Мезін вельмі дапамог клубу, вельмі дапамог зборнай, але ў будучыні ў сістэме клуба мы яго не бачым. Такое рашэнне мы прынялі пасля чэмпіянату свету».

Такім чынам, у мінскім «Дынама» застаюцца 2 галкіперы —
канадзец Кевін Лаланд, які атрымаў у лютым беларускае грамадзянства, і нарвежац Ларс Хаўген. Акрамя таго, у склад будуць прыцягвацца маладыя галкіперы Ян Шэлепнеў і Міхаіл Карнавухаў. З Лаландам нядаўна быў падпісаны кантракт на два гады, пагадненне з Хаўгенам дзейнічае яшчэ адзін сезон.

Абставіны ж, а галоўнае, прычыны дэмаршу Андрэя Мезіна на чэмпіянаце свету да гэтага часу застаюцца невядомымі. Хоць у кулуарах галоўнай застаецца версія пра канфлікт з галоўным трэнерам зборнай Кары Хейкілем, які цяпер кіруе і мінскім «Дынама». Але ў той жа час Кары Хейкіля запэўніў журналістаў, што калі Андрэй Мезін будзе гуляць у іншым клубе, то дзверы нацыянальнай дружыны для галкіпера будуць адкрытыя.

Андрэй Мезін выступаў за мінскае «Дынама» тры папярэднія сезоны. За плячыма 38-гадовага галкіпера ўдзел у складзе зборнай Беларусі ў 14 чэмпіянатах свету і трох Алімпіядах (1998, 2002, 2010). У 2009 годзе Андрэй Мезін быў прызнаны найлепшым галкіперам чэмпіянату свету, а ў 2006 уключаны ў сімвалічную зборную першынства планеты. Прызнаваўся найлепшым хакеістам Беларусі ў 1998, 1999, 2005 і 2006 гадах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула