Затрыманыя кіраўнікі УКБ Гомельскага гарвыканкама
Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці прыняло да вытворчасці крымінальную справу, распачатую раней УКДБ, аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў службовымі асобамі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва (УКБ) Гомельскага гарвыканкама.
Чацвярым чыноўнікам, кіраўнікам упраўлення, ужо прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства супраць інтарэсаў службы. Яны змешчаныя пад варту.
Злоўжыванні выяўлены пры рэалізацыі чыноўнікамі жылых памяшканняў, што знаходзяцца ў камунальнай уласнасці Гомеля. Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, службовыя асобы УКБ заключылі шэраг дагавораў аб утварэнні аб’ектаў долевага будаўніцтва ў жылых дамах буйнапанэльнага домабудавання ўжо пасля іх уводу ў эксплуатацыю і афармлення ў камунальную ўласнасць. Пры гэтым цэны, указаныя ў гэтых дагаворах, былі значна ніжэйшыя за іх фактычны кошт.Устанаўліваюцца ўсе акалічнасці супрацьпраўнай дзейнасці падазроных.
Дарэчы, у маі 2012 года УКБ гарвыканкама быў раскрытыкаваны Камітэтам дзяржкантролю Гомельскай вобласці.КДК праверыў прадпрыемства і выявіў шматлікія парушэнні закона. Напрыклад, падрадная арганізацыя завысіла кошт будаўніцтва аб’екта ў Гомелі больш як на 1 млрд. рублёў.
Выкананне падрадчыкам дагаворных абавязацельстваў службовай асобы УКБ наогул не кантралявалі, даведкі пра кошт работ, разлікі кошту паслуг па тэхнаглядзе падпісвалі «з закрытымі вачамі». У выніку падрадчык і спецыяліст па тэхнаглядзе атрымлівалі грошы, практычна не выконваючы сваіх абавязацельстваў.