БЕЛ Ł РУС

Сёння — прэзентацыя рамана Алеся Аркуша «Палімпсест»

1.10.2012 / 10:41

1 кастрычніка. Галерэя «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а). 19.00.

Пісьменнік Алесь Аркуш, які выступіў суаўтарам аднаго з самых геніяльных альбомаў беларускага року «Наша ўскраіна» гурту «Мясцовы час», з нагоды прэзентацыі свайго музычнага рамана «Палімпсест» прыгадаў «Басовішча-91» і жнівеньскі путч, распавёў, якія памылкі з тэкстаў гурту тыражуюцца сучаснымі камандамі ды наноў пераадкрыў цудоўны дуэт Алеся Кузьміна і Лявона Вольскага.

Заснавальнік «Таварыства вольных літаратараў» і тэкставік легендарнага полацкага гурту «Мясцовы час» напісаў раман пра сваё юнацтва, у тым ліку музычнае.
Твор мае складаную назву «Палімпсест». Як прызнаецца аўтар, у рамане ўсе рэальныя героі, але некаторыя падзеі зменены і «адкарэктаваны».
Раман напісаны ў нязвыклай форме — у яго тэксце прысутнічаюць і старонкі з дзённіка, і тагачасныя лісты герояў кнігі да аўтара, і нават тэксты песень.
Раман шматпланавы і закранае такія тэмы як каханне, занятак музыкай і тагачасныя філафанічныя жарсці, стаўленьне да алкаголю і філасофская праблема роднага дома.
Галоўны герой кнігі згадвае пра свой школьны бэнд, пра першыя спробы творчасці, пра службу ў войску, пра таямнічае каханне да першай прыгажуні горада.
«Па вялікім рахунку раман пра чалавечыя мары — іх міражную прысутнасць і выніковую недасяжнасць. Герой кнігі не здраджвае сваім марам і прынцыпам, што рабіць яму вельмі няпроста», — кажа сам аўтар.
Назву «Палімпсест» Аркуш тлумачыць наступным чынам: з часам некаторыя рэчы, што здаваліся важнымі і істотнымі, ператвараюцца ў другасныя і ня вартыя ўвагі.
І наадварот. У рамане «Палімпсест» аўтар паспрабаваў сцерці ранейшыя старонкі сваёй біяграфіі і перапісаць іх наноў, па-іншаму расставіўшы прыярытэты, здабыткі і перамогі.
Паводле задумы, «Палімпсест» будзе мець працяг. У другой частцы сярод дзейных асобаў мусіць зьявіцца і Алесь Кузьмін, лідар гурту «Мясцовы час».
«На мяне найперш уплывала музыка Pink Floyd і Fleetwood Mac, хоць гэта і дзіўнае спалучэнне. Слухаў выключна англійскамоўны рок, але калі прыйшоў да беларускай творчасці, то зразумеў, што трэба рабіць сваё», — распавядае Алесь Аркуш. Гэтыя свае думкі ён даслаў у рупар тагачаснай моладзі — газету «Чырвоная змена», і яго артыкул выклікаў вялікі розгалас, шмат хто з музыкаў прапанавалі супрацу маладому паэту.
Калі ён перабраўся ў 1987 годзе з роднага Жодзіна ў Полацк, мясцовы актывіст Сяржук Сокалаў-Воюш пазнаёміў яго з хлопцамі з «Мясцовага часу», тады яшчэ расейскамоўнага гурту.
«Воюш тады сказаў: вось табе справа для ажыццяўлення тваіх мараў. Празь нейкі час мы сталі працаваць разам. У іх былі расейскамоўныя накіды, якія яны прыносілі да мяне, а я ўжо адаптаваў іх пад беларускую мову». Часам у сувязі з гэтым здараліся кур’ёзы, бо вакаліст Алесь Кузьмін сутыкаўся з малазнаёмымі, а то наогул невядомымі словамі. Напрыклад, у кампазыцыі «Шлях дамоў» Аркуш ужыў слова «стырно», а Кузьмін так сьпяшаўся з запісам, што праспяваў «стрымо». Так гэта песьня і была запісана, а тое «стрымо» працягвае гуляць у каверах, што робяць маладыя рок-каманды.
У выніку супрацы Аркуша і «Мясцовага часу» паўстаў адзін з самых геніяльных альбомаў беларускага року «Наша ўскраіна» (1991).
Словы да загалоўнай песні з яго, дарэчы, былі напісаныя цалкам Аркушам. Песні з гэтай праграмы гурт прэзентаваў на трох самых знакавых выступах у сваёй гісторыі. Яны з неверагодным поспехам выступілі на «Басовішчы-1991», дзе ўзялі прыз, як найлепшы гурт, сталі хэдлайнэрамі канцэрта «Рок за Незалежнасць», што праводзіўся ў Мінску пасьля правалу путчу ды далі акустычны канцэрт у Полацкай Сафіі.

«Тады мы лідзіравалі ва ўсіх хіт-парадах і нас запрашалі ўсюды. Пабывалі ўпершыню за кардонам, калі нас паклікалі на „Басовішча“.

Памятаю, як выступалі ля помніка Янку Купалу, Кузьмін апошнім спяваў пад салют перад вялікай колькасьцю людзей і ўсё гэта транслявалася ўжывую па тэлебачанні. Гэта было феерычнае ўражанне. І гэта я таксама апісваю ў новым рамане», —
распавядае Алесь Аркуш.
Пісьменнік прадстаўляе рарытэтнае відэа тых часоў.
Яго зняў відэапэратар «Мясцовага часу» Ігар Супранёнак на фестывалі «Басовішча-1991». На першым відэа выконваецца якраз тая самая «Наша ўскраіна». Другое відэа выкладаецца ўпершыню. «Мясцовы час» быў тады ў творчай звязцы з гуртом «Мроя», таму некалькі песень на фэсце Кузьмін выканаў разам з Лявонам Вольскім. «Мы далучыліся падчас выступу „Мроі“ і гралі ў тры гітары, было два вакалісты. Лявон і Алесь спявалі з хвілін 10. Алесь там выдаваў фальцэтам, было проста супер», — прыгадвае сумеснае выкананне песні «Наш карабель» Алесь Аркуш.

Музычны раман «Палімпсест» Алеся Аркуша выходзіць у выдавецтве «Галіяфы».

Прэзентацыя адбудзецца 1 кастрычніка ў галерэі «Ў» у 19.00 пры ўдзеле гурта Monkey Bite.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула