«Белавія» ўвяла скразную рэгістрацыю з Air France і Delta Air Lines
Нацыянальная авіякампанія «Белавія» ўкараніла скразную рэгістрацыю з авіякампаніямі Air France і Delta Air Lines.
Гэта рашэнне дазваляе пасажыру пры рэгістрацыі ў аэрапорце Мінск атрымаць на рукі пасадачныя талоны з ужо пазначанымі месцамі ў самалётах па ўсім маршруце.
«Пасля прылёту ў прамежкавыя аэрапорты Амстэрдама і Парыжа транзітныя пасажыры могуць адразу ісці на пасадку, абыходзячы чэргі на стойках рэгістрацыі, што значна спрашчае працэс перасадкі на стыковачны рэйс», — адзначылі ў «Белавія».
У авіякампаніі ўдакладнілі, што магчымасць скразной рэгістрацыі ўжо забяспечана пры вылетах з Мінска, Гомеля і Гродна, а таксама большасці пунктаў, куды выконвае рэгулярныя палёты «Белавія».
Цяпер двухбаковыя пагадненні аб скразной рэгістрацыі ўжо дзейнічаюць з авіякампаніямі Air France, Delta, LOT, AlItalia, KLM, CSA, TransAero, S7.
«Белавія» мае намер да канца года забяспечыць магчымасць рэгістрацыі праз інтэрнэт, у наступным годзе — праз кіёскі самаабслугоўвання і з выкарыстаннем мабільных тэлефонаў.