Чацвёра работнікаў МТЗ амаль год абкрадалі прадпрыемства
Група работнікаў Мінскага трактарнага завода — вартаўнік, кладаўшчыца аднаго з цэхаў, трактарыст і супрацоўнік даччынага прадпрыемства «МТЗ Гандальсэрвіс» амаль год абкрадалі сваё прадпрыемства.
Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, злачынная група сфарміравалася дзякуючы вартаўніку, які некалі займаў на заводзе пасаду кладаўшчыка. Ён распрацаваў схему, па якой можна было выкрадаць з тэрыторыі прадпрыемства пэўныя дэталі і рэалізоўваць іх зацікаўленым людзям.
Частку камплектуючых да трактароў, што паступіла ў цэх, кладаўшчыца фіктыўна спісвала, тайна забірала з кладоўкі і перадавала трактарысту.Той у загадзя агавораны час дастаўляў выкрадзенае да месца, дзе яно пры дапамозе работніка «МТЗ Гандальсэрвіс» перамяшчалася ў службовы аўтатранспарт апошняга і вывозілася з тэрыторыі Мінскага трактарнага завода. Пасля гэтага ўкрадзеныя камплектуючыя прадаваліся.
Дзейнасць крымінальнага квартэта нанесла прадпрыемству ўрон, які перавысіў 100 мільёнаў рублёў.
Выявілі схему крадзяжоў і затрымалі ўдзельнікаў групы аператыўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Партызанскага РУУС сталіцы падчас правядзення комплексу спецмерапрыемстваў. Падчас допытаў усе затрыманыя далі паказанні.
Усе чацвёра чакаюць суда. Таксама супрацоўнікамі АБЭЗ Партызанскага РУУС Мінска праводзіцца праверка дачынення іншых асоб да гэтага злачынства.