БЕЛ Ł РУС

КДК бярэ пад кантроль постдажынкавыя Горкі. Кіраўніцтва горада: так, дробныя хібы

23.10.2012 / 9:39

У Горках якасць выканання будаўнічых і рамонтных работ прыцягнула ўвагу Камітэта дзяржкантролю, паведаміў намеснік старшыні Горацкага райвыканкама Уладзіслаў Яромін.

Нагадаем, 21–22 верасня ў Горках прайшоў фестываль работнікаў сяла «Дажынкі-2012». Яго правядзенню папярэднічала традыцыйна маштабная ў такіх выпадках рэканструкцыя горада, які прымае фестываль. Аднак ужо пасля «Дажынак» у інтэрнэт-СМІ з’явіліся шматлікія фатаграфіі, на якіх відаць, што новыя пешаходныя дарожкі, дзе была выкладзена плітка, не вытрымалі выпрабавання дажджамі і разбурыліся. Таксама былі апублікаваны і іншыя здымкі шматлікіх недаробак і будаўнічага браку. У канцы мінулага тыдня шэраг СМІ паведамілі, што Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам у рэзкай форме раскрытыкаваў якасць рамонту ў Горках і запатрабаваў ліквідаваць недаробкі і брак.

Паводле слоў Яроміна, ёсць праблема з амфітэатрам, у якім праходзіла ўрачыстая частка «Дажынак». «Дзесьці парушылі гідраізаляцыю. Ідзе падцяканне па сценцы», — сказаў чыноўнік.

Як паведаміла БелаПАН рэдактар горацкай газеты «Узгорак» Галіна Будная, у многіх дамах, дзе мянялі дах, на працягу некалькіх месяцаў дажджы залівалі кватэры верхніх паверхаў.

Цяпер многія з гэтых кватэр адрамантаваны, праблема засталася «ў двух-трох дамах» з-за маруднай працы магілёўскіх падрадных арганізацый, паведаміў Яромін. Паводле яго слоў, праблема «зацякання дажджавых вод» у кватэры таксама цяпер у цэнтры ўвагі Камітэта дзяржкантролю.

Паводле інфармацыі Буднай, пасля правядзення «Дажынак» дарожкі, выкладзеныя пліткай, у шэрагу месцаў сталі разбурацца. «Людзі тэлефанавалі, паведамлялі пра гэтыя выпадкі. На працягу дзён дзесяці — тыдня гэтыя недахопы з пліткай былі ўстаронены. Усё назад паклалі. Але ўсё адно ў розных месцах з’яўляюцца невялікія правальванні ці ўзнімаецца плітка. Я думаю, гэта некаторы час будзе працягвацца, пакуль усё канчаткова не ўсядзецца, не ўляжацца», — сказала Будная.

Праблему з дарожнай пліткай пацвердзіў і Уладзіслаў Яромін, адзначыўшы, што гэта адбылося ў чатырох месцах, дзе з-за моцнага патоку вады была вымыта аснова дарожкі.

«Плітку пераклалі адразу ж. Але гэта ж не брак», — сцвярджае чыноўнік.

«Ёсць вуліцы, жыхарам якіх абяцалі пакласці асфальт менавіта да гэтага свята. Сёння дзве жыхаркі горада расказалі, што не ўсім паклалі асфальт, каму абяцалі», — сказала Будная. У прыватнасці, паводле яе слоў, не быў пакладзены асфальт на адной з вуліц у раёне малаказавода.

«Рабілі каналізацыю, не дарабілі. Калодзежы стаяць незакрытыя. Гэтыя калодзежы выступаюць над узроўнем вуліцы.
Жыхары хто дошкамі, хто шыферам іх закрываюць, але дрэнна ўсё гэта трымаецца. А цяпер, з-за таго што рана стала цямнець, людзі баяцца, што хто-небудзь туды зваліцца, пакалечыцца», — расказала рэдактар.
Яромін паведаміў, што яму нічога не вядома пра незакрытыя калодзежы, за выключэннем тых, адкуль люкі былі выкрадзены зламыснікамі.
Такія калодзежы тым не менш адразу ж закрываюць. «Ёсць вуліцы, дзе пачалі каналізацыйныя калодзежы ўстанаўліваць, і скончыліся грошы. Там плітамі закрылі іх. Чакаем, пакуль астатнія грошы выдзеляць, каб дарабіць лінію каналізацыі па вуліцах», — адзначыў чыноўнік.
Паводле яго слоў, на асфальтаванне перыферыйных вуліц выдзелена 15 млрд. рублёў.
«Работа ідзе ўзмоцнена. Ёсць сякія-такія праблемы па дастаўцы матэрыялаў. Прыкладна 50% сродкаў асвоена. Астатняе трэба паспець асвоіць да маразоў», — дадаў ён.

Што датычыцца інфармацыі пра цвіль у адным з інтэрнатаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, то, як адзначыў Яромін, яму пра гэта нічога не вядома, паколькі са скаргамі ў райвыканкам па гэтым пытанні ніхто не звяртаўся.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула