Знойдзеныя ў Егіпце самыя старажытныя ў свеце іерогліфы шакавалі навукоўцаў
Навукоўцы з Ельскага ўніверсітэта і Каралеўскага музея мастацтва і гісторыі (Бельгія) выявілі самыя старажытныя ў свеце егіпецкія іерогліфы, адказаўшы, тым самым, на адно з галоўных пытанняў аб іх паходжанні, паведамляе агенцтва РІА Навіны са спасылкай на навуковы часопіс Phys.org.
«Гэтая нядаўна выяўленая сцяна на месцы старажытнага горада Элькаб захавала некаторыя з самых ранніх знакаў іерагліфічнага пісьменства і паказвае, як старажытныя егіпцяне вынайшлі сваю ўнікальную сістэму пісьма», — распавядае егіптолаг Джон Дарнэл.
Надпісы датуюцца прыкладна 3250 годам да нашай эры. Тэкст чытаецца справа налева, пачынаючы ад іерогліфа ў выглядзе галавы быка, сканчаючы выявай ібіса. Гэтыя жывёлы лічыліся старажытнымі егіпцянамі святымі.
Памер іерогліфаў вельмі здзівіў навукоўцаў. «Гэта першы раз, калі хто-небудзь бачыў іх у такім велізарным маштабе. Вышыня кожнага з іерогліфаў — крыху больш за паўметра. Уся табліца складае каля 70 сантыметраў у вышыню. Знакі, якія знаходзіліся навукоўцамі раней, звычайна былі ўсяго адзін ці два сантыметры», — адзначае Дарнэл.
Адкрыццё, па словах навукоўца, развейвае міф пра тое, што пісьменства ў Старажытным Егіпце развівалася павольна і выкарыстоўвалася спачатку толькі чыноўнікамі. Выяўленыя іерогліфы далі зразумець, што такі спосаб пісьма вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім Егіпце, з самага пачатку адрозніваючыся разнастайнасцю.
«Гэта было не тое, што я чакаў, калі адпраўляўся ў экспедыцыю. Знаходка мяне шакавала», — прызнаецца навуковец.
Каментары