У Германавічах сустрэліся былыя сябры Саюзу беларускіх патрыётаў

У прыватным музэі Ады Райчонак сабраліся дзесяць чалавек

Сустрэча зь сябрамі Саюзу беларускіх патрыётаў 1945–1947 гг. прайшла ў в. Германавічы Шаркоўшчынскага раёну Віцебскай вобласці. У прыватным музэі краязнаўцы Ады Райчонак сабраліся дзесяць вэтэранаў патрыятычнага падпольля, а таксама моладзь.

28.08.2006 / 12:44

Падпольная арганізацыя «Саюз беларускіх патрыётаў» стварылася ў 1945 г. у Глыбокай і Пастаўскай пэдвучэльнях. Некалькі дзясяткаў яе сяброў зьбіраліся мірнымі мэтадамі змагацца за незалежнасьць Беларусі. У 1947 г. арганізацыя была разгромленая органамі савецкай дзяржбясьпекі, а моладзь апынулася ў турмах і канцлягерах.

27 жніўня ў Германавічах адбылася сустрэча палітвязьняў розных пакаленьняў — прыехалі таксама і некалькі ўдзельнікаў сакавіцкага намётавага мястэчка ў Менску.

Сябры Саюзу беларускіх патрыётаў дзяліліся сваімі ўспамінамі, згадвалі тых, хто не дажыў да сёньняшняга дня, рабілі падарункі музэю, які паспрыяў іх сустрэчы, паведамляе нашая карэспандэнтка Алена Акуліч.