На прапаршчыка завялі крымінальную справу за зьбіцьцё салдата

У сераду ў рэдакцыю «Камсамолкі» патэлефанаваў хлопец. Сказаў, што кіроўца: «Я падабраў акрываўленага салдата па дарозе ва Ўручча. Ён выпаўз зь лесу на дарогу. Ён быў жорстка зьбіты».

09.02.2007 / 16:47

За зьбіцьцё салдата тэрміновай службы вайсковая пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненьні прапаршчыка Ваеннай акадэміі.

Крымінальную справу распачалі паводле артыкула 455 часткі 2 Крымінальнага кодэксу (перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, зьвязанае з гвалтам). У пракуратуры паведамілі, што паводле зьвестак сьледзтва салдат тэрміновай службы Дзьмітры Васількоў, які праходзіў службу ў Ваеннай акадэміі, запярэчыў прапаршчыку ў адказ на загад займацца прыбіраньнем тэрыторыі. У выніку прапаршчык зьбіў салдата.

Зараз салдат знаходзіцца на лекаваньні ў мэдычным цэнтры ўзброеных сілаў, а прапаршчык, які яго зьбіў, адхілены ад займанай пасады на час расьсьледваньня.

Пра жорсткую расправу над салдатам чытайце вось па гэтай спасылцы