Датэрміновыя парлямэнцкія выбары ў Ізраілі прывядуць да сыходу цяперашняга прэм’ер-міністра Арыеля Шарона зь вялікай палітыкі. Калісьці я напаткаў яго ў буфэце Кнэсэту: зь нейкай нязначнай нагоды ён зычна прамаўляў да паплечнікаў: «Мы перамаглі!»

Намер стварыць партыю «Нацыянальная адказнасьць» (дарэчы, у Ізраілі ўжо ёсьць раскручаны брэнд «Нацыянальнае адзінства») — з шэрагу авантурных заяваў. Па-першае, ва ўзросьце пад 80 больш адэкватна быць міністрам ці прэзыдэнтам, а ня лідэрам новай партыі. Па-другое, за пяць гадоў прэм’ерства «бульдозэр» Шарон, чый сын запэцкаўся ў карупцыйнай афэры, умудрыўся рассварыцца амаль з усім палітычным бамондам, і ня толькі праз радыкальныя саступкі палестынцам у сэктары Газа.

У 2000 г. ён абяцаў у выпадку абраньня наведаць Беларусь — не наведаў, пасольства ў Менску то зачынялася, то адчынялася. Выявілася, што карані (маці Шарона, як ён казаў, паходзіць з Галавенчыцаў Магілёўскай губэрні) і супрацоўніцтва — фэномэны рознага пляну.

Увогуле, правіца ў Ізраілі апошнім часам рабіла акцэнт на стымуляваньне «аліі», а не на ўзаемавыгадныя двухбаковыя дамовы. Якраз узмацненьне левых і цэнтрыстаў — таго ж лідэра партыі «Авада» Аміра Пераца, які, магчыма, дагэтуль і ня чуў пра Беларусь — дае шанец на лепшае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0