«Дзіўна — нікога», — падумаў я, падышоўшы да гмаха расейскай амбасады ў Менску. Спыніўся ля брамы, глянуў на гадзіннік — 14.00. «Дзіўна». Націснуў на кнопку званка.

— Слушаю, — раздаўся голас з брамы.

— Я хацеў бы перадаць зварот у амбасаду.

— Что за «зварот»?

— Зварот супраць расейскай агрэсіі ва Украіне.

— Мы сегодня не роботаем, приходите завтра.

Я пачаў нешта тлумачыць, што да заўтра чакаць ніяк не выпадае, але брыгада брытагаловых была ўжо побач.

— Дашкевіч?

— Дашкевіч.

— Дзмітрый Вячаслававіч?

— Дзмітрый Вячаславававіч.

— Пройдзем для высвятлення асобы.

— Якое высвятленне? Дашкевіч жа, Дзмітрый Вячаслававіч.

— Трэба ўдакладніць.

— Дык мо пашпарт даць на ўдакладненне?

— Не, пашпарт не трэба, трэба ўдакладніць асобу ў райаддзеле.

— Ага, ведаю я, чым сканчваюцца вашыя райаддзелаўскія ўдакладненні.

— Пайшлі-пайшлі! — незадаволена раўнуў главар брытагаловых і ўзяў мяне пад руку. Мы пасунуліся да аўтазака.

— Як я стаміўся ад усіх вас, бандытаў, — выдыхнуў я па ха-дзе. — Няхай пакарае вас, зладзеяў, Бог. Дзень і ноч малітва мая за гэта, каб вас, зладзеяў, пакараў Госпад.

— А хіба можна караць лю-дзей? — спужаўся адзін з брытагаловых, што ішоў па іншы бок ад мяне.

— А як жа не судзіць Богу злодзеяў, калі «аснова трона Яго — праўда і суд».Чытай Біблію — там пра цябе шмат напісана.

— І што напісана?

— Напісана, што «Ён будзе судзіць бедных па праўдзе і дзеі пакутнікаў зямлі рашаць паводле ісціны, і жазлом вуснаў сваіх заб’е нечысціўца». А нечысціўцы на сённяшні дзень — гэта вы ўсе, зладзеі ў пагонах.

— Не ведаю, ці пагадзіліся нечысціўцы з тым, што яны нечысціўцы, але далей мы ішлі моўчкі. Зайшоўшы ў аўтазак, я зразумеў, чаму нікога ля вавілонскіх муроў белакаменнай не было — усе ўжо даўно былі «па месцы». З прысутных я мала каго ведаў, мо толькі пару маладафронтаўцаў, якія, як людзі спрактыкаваныя, лішніх пытанняў не задавалі — яны ведалі, што гэта за прапанова такая: «Вы затрыманыя да высвятлення асобы». Людзі ж староннія ці не асабліва прывыкшыя да гэткага глуму не задаваць пытанняў не маглі.

— Па якой прычыне я тут знаходжуся? — агучыла лагічнае здзіўленне адна з дзяўчын.

— Да высвятлення асобы, — нахабна прабухцеў маладзявы «ваяка» з нашыўкаю «ОМОН».

— Дык я ж дала вам свой пашпарт — высвятляйце і вызваляйце.

— Ты мне нічога не давала.

— Як так, нічога?! — абурылася затрыманая і паднялася. — Усё, я тут больш знаходзіцца не збіраюся!

— Э, пастой, — прасіпеў той, — бо я цябе зараз угаманю тут на лаве гэтай.

— А што ты яшчэ можаш, храпа з дубінаю, як не дзяўчат пужаць у аўтазаках? — не вытрымаў мразоцтва ўжо я сам.

— Ты сачы за базарам, чмо, — вызверыўся шчанюк і на мяне. — Разоў пару прапішу зара, забудзеш, як завуць.

— За базарам сачы ты, свіння неабучаная, — не саступаў у борзасці і я. — Перад табою дзяўчына, а ты: «угаманю», «забейся».

— Давайце «цішыня тут»! — падняўся з іншага боку лавы амапаўскі брыгадзір і падышоў у сярэдзіну салона, стаўшы перада мною.

Дыскусія была вычарпаная. Я моўчкі схіліў галаву над рукамі; дзяўчына, агаломшаная ад аўтазачных нораваў, прысела назад на лаву; ваяка з пушком пад носам яшчэ нешта там вырыгаў, але я на гэта ўжо не звяртаў увагі. У аўтазаку разгаралася новая дыскусія, менавіта па той тэме, якая нас усіх і сабрала ў адным месцы — гаворка пра Расею і Крым.

Бабуля Аўгіння Багінская, заўсёдная ўдзельніца пратэставых акцый, даказвала, што Расея непазбежна разваліцца; амапаўцы з гэтым не спрачаліся, але даводзілі, як бы яны закаталі ў бетон «бендэраўскі Майдан», калі б іх туды завезлі.

— Танкамі душыць вас, падонкаў прадажных!

— Ну, наёмнікаў панавезлі амерыканскіх і думаюць Крым захапіць, як захапілі Кіеў. Не пройдзе! Крым Расея не аддасць!

— Ды паў-Украіны адваюе Расея і што ёй зробяць? Перакрые газавы кранік — і прыпаўзуць амерыкосы гэтыя на каленях!

Брытагаловыя сыходзілі на пену, але на беснаванні гэтыя ніхто не рэагаваў — і шал іхні, не знаходзячы сілкавання, паступова сыходзіў на нішто.

Насупраць мяне сядзела дзяўчына, веку блізу такога ж, як і ўмоўна незалежная Беларусь. Плечы яе сутаргава ўздрыгвалі, па шчоках цурчэлі слёзы. Яна то падносіла руку да твару, каб прыкрыць вочы, то апускала галаву, трошку супакойваючыся.

Глядзець на гэтыя слёзы было цяжка. Я то круціў галавою, то апускаў яе долу. То разглядаў хлопцаў, якія з усмешкаю даказвалі, быццам староннія прахожыя, то, крывячыся, паглядаў на расейскага консула, што трапіў пад раздачу і заклікаў падпарадкавацца «законнай уладзе». Тым часам Аўгіння Багінская па сваёй традыцыі заспявала, гэтым разам пра «чорную зграю».

Чорная зграя топча Айчыну, Пнецца зламаць нас, збіць, скатаваць, Толькі адвага нас не пакіне: Продкі-ліцвіны ўслед нам глядзяць! Хопіць трываць ганьбу і здзек, Стань, Беларусь, вольнай навек! Хопіць цярпець гвалт і прымус! Воля ці смерць! Жыве Беларусь! 

Я слухаў і глядзеў на дзяўчыну, якая ўсё плакала. Так балюча было глядзець на гэтыя поўныя гора вочы і так няёмка, што я не разумеў, як сябе паводзіць. Урэшце падняўся, падышоў да дзяўчыны і крануўся яе пляча.

— Не плачце, Госпад іх пакарае, — прамовіў я, на што дзяўчына патрэсла галавою і, зноў прыкрыўшы вочы рукою, заплакала яшчэ мацней.

Зрэшты, іншае рэакцыі быць і не магло — калі ты дакранаешся да ранаў душы, яна заўсёды скаланаецца ў плачы яшчэ большым. Але і не паспрабаваць суцешыць чалавека я таксама не мог.

— Ты проста маліся, — працягваў я, — маліся, каб Ён явіў Сваю справядлівасць. Не плач, гэта ўсё дробязь — затое перад Госпадам заўсёды зможам сказаць, што, калі зладзеі зладзейнічалі, мы не маўчалі — мы ўздымалі свой голас супраць. А гэтыя нечысціўцы сваё знойдуць. Не плач, проста маліся, — паўтарыў я, сам ледзь перамагаючы сябе, каб не заплакаць.

— Так, я малюся, — прамовіла дзяўчына ўсхліпваючы. — Мне проста сорамна, што я жыву ў такой краіне.

Я не ведаў, што можна было яшчэ сказаць… Мне самому вельмі сорамна, што я жыву ў такой краіне. Мне сорамна, што столькім людзям усё пофігу. Мне сорамна, што рабскае пакаленне не разумее, што свабода — Божы дар кожнаму, рыкае: «Душыць танкамі!» Мне сорамна, што сядзіць у аўтазаку гэтая чыстая, без пафасу гэтага слова — святая дзяўчына, душа якой разрываецца за тое, што ёй сорамна, сорамна за ўсе дзесяць мільёнаў.

У райаддзеле маю асобу высветлілі, і я быў абвінавачаны ў тым, што лаяўся матам і супраціўляўся законным патрабаванням міліцыі. Зрэшты, нічога новага ў гэтым няма. Для нашай «законнай улады» няма. Новым для мяне было толькі тое, што на наступны дзень мне прапанавалі ехаць у суд у багажніку «Газелі». Я ад такіх інавацыяў паспрабаваў быў адмовіцца. Праз дзесяць хвілін валтузні на асфальце мне натаўклі ў рэбры, закавалі ў кайданкі і змясцілі ў салон. Дамогся свайго. Змясцілі, праўда, на падлогу. З разлёту. Нагамі ўтрамбаваўшы пад стол. І галоўны законнік — ён жа пераможца — паставіў на мяне ногі — і я паехаў-такі як чалавек, не ў багажніку.

Я ляжаў на баку, кайданы невыносна рэзалі рукі, два берца прыціскалі да падлогі. Упёршыся галавою ў борт, спрабаваў не стагнаць ад болю і ад крыўды. Ад крыўды за тое, што 20 год уздымаюцца нечысціўцы і злодзеі, якія не баяцца ні людзей, ні Бога, на якіх ніякае ўправы няма і ніякага суду. І не проста ўздымаюцца яны, а ўздымаюцца ганарліва, кплючы з цябе і ставячы на цябе ногі.

Не, хацелася не стагнаць, хацелася проста выць. І я ўзгадаў тую дзяўчыну, якая плача ў аўтазаку. У памяці паўсталі адны з самых маіх любімых словаў Давіда: «Хто са слязьмі сеяў, пажынацьме з радасцю. Хто з плачу нясе насенне, вернецца з радасцю, несучы снапы свае».

Госпадзе, даруй грахі зямлі нашай, бо многія з іх амытыя слязьмі тае і тысяч іншых дзяўчын, каторыя плачуць з-за таго, што ім сорамна жыць у такой краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?