Джэймс Шэр (James Sherr) з аналітычнага цэнтра Чэтам Хаўз (Chatham House) у Лондане лічыць, што Расія, атрымаўшы тактычную перамогу ў Крыме, прайграе сваю кампанію ва Ўкраіне ў даўжэйшай перспектыве, калі толькі Украіна пачне абараняцца.

Прапануем вам пераклад фрагментаў інтэрв’ю Джэймса Шэра украінскай англамоўнай газеце Kyiv Post.

KP: Расія цяпер кантралюе Крым. Пуцін спыніцца на гэтым ці пойдзе далей, на поўдзень і ўсход, спрабуючы ўсталяваць лаяльны або падкантрольны ўрад у Кіеве?

Джэймс Шэр: Калі спыніцца Пуцін? Адказ просты: калі ён дасягне сваіх мэтаў або калі яму не дадуць дасягнуць іх. Шэраг заходніх партнёраў Украіны разумеюць гэта, але некаторыя — не. Многія да гэтага часу вераць у дыпламатыю; да сярэдзіны гэтага месяца дыпламатыя і «пагроза» санкцый вызначалі рэакцыю Захаду. Для многіх у нашых палітычных і знешнепалітычных установах дыпламатыя з’яўляецца наркотыкам, без якога яны ня могуць жыць. Разам з гэтай залежнасцю праявіліся і іншыя турботы. Адной з іх з’яўляецца «дээскалацыя», як быццам тое, што патрабуецца з нашага боку, было нейкай формай «кантролю над гневам». Для Масквы гэта вельмі карысна, таму што такі падыход перасоўвае акцэнт з таго, што адбылося сёння, на тое, што можа адбыцца заўтра. Такі падыход таксама ўскладвае столькі ж адказнасці на Украіну, што і на Расею. Нагадаем тут папярэджанні Польшчы брытанскім і французскім паслам у Варшаве перад пачаткам вайны ў 1939 годзе: «Не правакуйце Германію». Паўтаруся: у Еўропе некаторыя лічаць, што Ўкраіна павінна хутчэй стрымліваць сябе, чым бараніцца.

Дыпламатыя — гэта не лякарства. Гэта інструмент палітыкі. Пакуль няма мэты, няма ніякай палітыкі. Якая тут мэта для Захаду, які канчатковы вынік мы хочам дасягнуць? Пакуль мы не ведаем адказу на гэтае пытанне, мы не павінны займацца дыпламатыяй, асабліва з такой краінай як Расія, якая ведае, чаго хоча, якая лічыць, што ведае, як гэта атрымаць, і верыць, што знаходзіцца ў выйгрышнай пазіцыі. Расія зменіць сваю палітыку толькі тады, калі яе сілавыя структуры прыйдуць да высновы, што яе цяперашні курс шкодзіць інтарэсам краіны і іхнім уласным. Тады будзе час для дыпламатыі.

KP: Вы лічыце, што Ўкраіна і Захад павінны адказаць на расейскую агрэсію сілай. Што, па-вашаму, павінны зрабіць Украіна і Захад, каб выставіць Пуціна з Украіны?

Джэймс Шэр: Па-першае, давайце ясна вызначым мэту, якую павінны ставіць Украіна і Захад. Гэтай мэтай не павінна быць пакараць Расію, хоць яна гэтага і заслугоўвае. Мэтай павінна быць адраджэнне Украіны: аднаўленне дзяржавы, яе суверэнітэту, кантролю на межах, яе макраэканамічнай стабільнасці, службы бяспекі і ўзброеных сілаў, адбудова інстытутаў. Вядома, гэта павінна быць зроблена на дэмакратычнай аснове паводле ясна вызначаных правілаў. Гэта пакарае Расею з лішкам, бо ў такой сітуацыі яна не дасягне сваёй галоўнай мэты — падпарадкавання Украіны сваёй волі.

Разам з гэтым мы павінны падвоіць і кансалідаваць нашы намаганні дзеля зніжэння нашай энергетычнай залежнасці ад Расіі: нашай і вашай. З боку ЕС гэта азначае ажыццяўленне палажэнняў Трэцяга энергетычнага пакета і крокаў (напрыклад, злучэнняў паміж трубаправодамі), якія мы абавязаліся выконваць, пачынаючы з 2007 года, ды ўмацавання інструментаў Еўрапейскай энергетычнай супольнасці, часткай якой з’яўляецца і Украіна. З боку Украіны гэта азначае глыбокія і ўстойлівыя рэформы энергетычнага сектару і ўнутраных энергетычных рынкаў. Толькі на гэтай аснове Украіна зможа прыцягнуць інвестыцыі, патрэбныя для развіцця сваіх вялікіх вуглевадародных рэсурсаў. І, нарэшце, мы павінны распачаць сур’ёзныя і абдуманыя (а не эфектныя або правакацыйныя) крокі, каб адрадзіць НАТА як сур’ёзны вайсковы інструмент у Еўропе. У нейкі момант у гэтым працэсе — я падазраю, што гэта адбудзецца раней, а не пазней — расійскія эліты і расійскі народ будуць вымушаныя падвесці вынікі эканамічных і палітычных наступстваў сваіх дзеянняў.

Што тычыцца Украіны, то выслоўе брытанскага гісторыка Томаса Карлайла заслугоўвае таго, каб паўтарыць яго ў соты раз: «Калі я не пастаю за сябе, то хто пастаіць за мяне?». Як чужынец, я проста не разумею, чаму ўлады афіцыйна не абвясцілі стану вайны. Узброеныя сілы і краіна павінны пачуць гэта. На Ўкраіну напалі і занялі яе тэрыторыю. Яе сілы і сродкі ды вайсковыя базы былі захопленыя, яе цэнтры ўлады былі занятыя, яе вайсковы флот быў знішчаны. Хоць новыя ўлады становяцца штораз больш рашучымі, але ўсё яшчэ няма поўнай яснасці. Па сённяшні дзень я не ўпэўнены, што салдаты і іх камандзіры ведаюць, што ад іх чакаюць. Я ахвотна пагаджуся, што тут якраз Захад не дапамог. Час, каб мы перасталі хваліць Украіну за «праяўленне стрыманасці». Наш мэсідж павінен гучаць: «Украіна мае права і абавязак абараняць свае ўзброеныя сілы, сваіх грамадзян і сваю тэрыторыю, і ў гэтым яна можа разлічваць на нашу поўную падтрымку». Хістанні ва Украіне падмацоўваюць хістанні на Захадзе, і наадварот. Тыя, хто так шматслоўна кажуць, што «мы не павінны канцэнтравацца на Крыме, толькі на выбарах», робяць вялікую шкоду для краіны.

KP: Вы маеце на ўвазе Юлію Цімашэнку?

Джэймс Шэр: Імёны тут не дапамогуць, а глупства, пра якое я кажу, не абмяжоўваецца адной асобай. Але гэта сапраўды глупства, калі людзі кажуць, што вайну можна адкласці да больш зручнага часу. Украіна не пачала вайны. Вайна прыйшла ва Украіну.

KP: Такім чынам вы згодны з меркаваннем былога дарадцы Пуціна Андрэя Іларыёнава, які сказаў, што калі Украіна хоча, каб Захад яе бараніў, Украіна павінна пачаць абараняць сябе?

Джэймс Шэр: Украіна атрымлівае дапамогу з Захаду і цяпер, большую, чым лічыць большасць людзей, і гэтая дапамога будзе павялічвацца. Але дапамога прыйдзе значна лягчэй, калі Еўропа ўбачыць, што Украіна робіць жорсткія і неабходныя захады, ня толькі вайсковыя, дзеля самаабароны. Што яшчэ больш важна, Расія павінна пераканацца, што Украіна будзе абараняць сябе, колькі б гэта ёй ні каштавала.

Гэта ня конкурс «мяккай сілы». Вайна з’яўляецца інструментам палітыкі, але гэта — вайна, якая, як сказаў Клаўзевіц, мае свой уласны сінтаксіс. Эканамічным і інстытуцыянальным рэформам спатрэбіцца час, каб яны запрацавалі, але яны не запрацуюць, калі да моманту выбараў палова краіны ператворыцца ў дэ-факта Наваросію [землі на поўнач ад Чорнага мора, уключаныя ў склад Расейскай імпэрыі Кацярынай II]. Украіна і Захад маюць некалькі месяцаў, каб змяніць дынаміку: не каб здабыць перавагу, заўважце, але каб змяніць дынаміку. Калі мы гэта зробім, наша змаганне стане лягчэйшым, а змаганне для Расіі — цяжэйшым. Моц Расеі — кароткатэрміновая. Як і Гітлер, Пуцін праводзіць кароткія войны. Ён — па-здрадніцку спрытны тактык, які імкнецца атрымаць стратэгічную перавагу тактычнымі крокамі. Але ў працяглай барацьбе з Украінай і Захадам слабасць Расіі выйдзе вонкі. Заданне ў тым, каб датрываць да гэтага часу. Мы павінны дасягнуць таго, што Чэрчыль назваў «канцом пачатку». І мы зможам зрабіць гэта толькі тады, калі Украіна і Захад падымуць свае стаўкі ў гульні.

Крыўдна, што ва ўмовах надзвычайнага становішча ў краіне некаторыя ўсё яшчэ ўскладаюць свае надзеі на перспектывы сяброўства ў ЕС і план падрыхтоўкі да ўступлення ў НАТО. Гэтыя рэчы ня маюць ніякага дачынення да справы. Нават калі б яны былі рэалістычнымі з палітычнага пункту гледжання, яны нічога не дапамогуць. У чэрвені 1940 году брытанскі ваенны кабінет міністраў заявіў: «Кожны грамадзянін Францыі атрымае адразу грамадзянства Вялікабрытаніі, кожны брытанскі падданы стане грамадзянінам Францыі». Хіба гэта дапамагло Францыі? Магчыма, Kyiv Post павінен змясціць карыкатуру: чалавек тоне, а другі чалавек на беразе паказвае яму дакумент пад назвай «Перспектывы сяброўства ў ЕС». Украіна мае патрэбу ў адчувальнай дапамозе, і то як мага хутчэй. Яе ня выратуюць такія шчодрыя жэсты.

KP: Такім чынам, па вашаму, Украіна або пачне супраціўляцца, або памрэ?

Джэймс Шэр: Вы занадта драматызуеце. Украіна не памрэ. Я ўпэўнены, што, так ці інакш, яна пачне супраціўляцца і выжыве. Да нядаўняга часу новыя ўлады Украіны не ведалі, куды рухацца. Яны адштурхнулі ад сябе шмат людзей, чыя дапамога ім была патрэбная. Тым не менш у апошнія некалькі тыдняў можна адчуць змену адносінаў і першыя прыкметы згуртаванасці. Але яны, пакуль, непаслядоўныя. Краіна павінна ўбачыць дух настойлівасці ва ўсіх пачынаннях, найлепшых людзей на найважнейшых пасадах і вайну з кумаўством.

Расія таксама не памрэ, але я ўпэўнены, што яна прайграе. Яна не разумее Украіны. Нават калі Расія выйграе гэты раўнд, яна прайграе ў цэлым. Крэмль думаў, што ён выйграў у снежні, калі Януковіч падпісаў пагадненне аб крэдыце ў 15 мільярдаў даляраў, і кола Пуціна заявіла: «Украіна наша». А праз два месяцы аказалася, што яны ня маюць ніякага ўплыву ва Украіне. Цяпер нам трэба паказаць Расіі: бераце Крым — губляеце Украіну; бераце больш Украіны — губляеце Еўропу. Я думаю, што гэта абсалютна магчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?