У гэтыя дні, калі агульнапрынятым стала параўнанне Уладзіміра Пуціна з Адольфам Гітлерам, можна канстатаваць і наяўнасць расійскага нацызму. 

Я думаў, што сама ідэя ўвесці паняцце «расійскі нацызм» выключна мая. Мажліва, яно так і было б, але пакуль я разважаў пра змест паняцця, пра яго абгрунтаванне, супрацоўнік расійскай службы Радыё Свабода і святар Якаў Кротаў ужо ўвёў яго ва ўжытак.

Айцец Якаў назваў нацыстам і былога генеральнага сакратара ЦК КПСС, прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова, які, як вядома, падтрымаў анексію Крыма. Праўда, Гарбачоў састроіў з сябе дурня і заявіў, што далучэнне Крыма да Расіі адбылося дэмакратычна – пра рэферэндум. Забягаючы наперад, скажу, што рэферэндум ва ўмовах тэрору – таксама з арсеналу нацыстаў. Адрозненне паміж рэферэндумамі ў нацысцкай Германіі і ў акупаваным Крыме толькі ў тым, што немцаў тэрарызавалі «свае» СД і СС, а жыхары Крыма галасавалі пад дуламі расійскіх аўтаматаў. І там, і там усякая апазіцыя была ў задушана, папярэдняя публічная дыскусія адсутнічала.

Айцец Якаў прыгадаў Гарбачову забітых у Вільні і Тбілісі, дзеянні АМАПа ў Рызе. Па вялікім рахунку, Гарбачову трэба было б сядзець ціха, бо ўрады Літвы, Грузіі і Латвіі маюць поўнае права аб’явіць яго ў міжнародны вышук па падазрэнні ў арганізацыі масавых забойстваў.

Пішучы, што Гарбачоў «не проста шавініст, але і нацыст, з усімі прыналежнымі нацызму псіхалагічнымі рысамі», а. Якаў Кротаў, такім чынам, прапануе нам адрозніваць нацыяналізм, шавінізм і нацызм.

Нацыяналізм, у адрозненне ад шавінізму, бывае абарончы і стваральны. Без нацыяналізму не было б ані французскай, ані нямецкай, ані італьянскай, ані іншых нацый і дзяржаў.

Нагадаю, што за італьянскі трыкалор нацыяналістаў кідалі ў турмы на тэрыторыях, падуладных аўстрыйскім Габсбургам, іспанскім Бурбонам і Папу Рымскаму, што за нямецкі трыкалор нацыяналістаў пераследавалі ў нямецкіх жа курфюршаствах, маркграфствах і каралеўствах – зусім гэтак, як сучаснай Беларусі.

Іншая справа – шавінізм, апафеозам якога ў Францыі стала справа Альфрэда Дрэфуса, а ў царскай Расіі – Менахема Мэндэля Бейліса.

Тут не месца апісваць гісторыю ўзнікнення нацызму ў Германіі, затое трэба сказаць, што нацызм – гэта рэакцыйная і агрэсіўная ідэалогія і практыка уласцівая для імперскіх нацый, у якіх не было устойлівай традыцыі дэмакратыі і якія аднаго разу пацярпелі фіяска. Такім фіяска для Нямеччыны стала капітуляцыя ў лістападзе 1918-га. Фіяска ж для расійцаў, якіх Сталін у 1945 годзе абвясціў вядучай нацыяй Савецкага Саюза, былі распад СССР і тое, што 14 савецкіх рэспублік сталі замежжам: тры — «далёкім», а адзінаццаць — «блізкім» (з часам істотна аддалілася Грузія).

Як нямецкія нацысты амаль усе свае высілкі паклалі на адраджэнне Райха, так і іх расійскія паслядоўнікі прыкладаюць амаль усе свае намаганні, каб адрадзіць нейкае падабенства СССР.

Ведама, маюцца і адрозненні, Перш чым наладзіць выпуск знакамітых «тыграў» і «пантэраў», немцы пабудавалі самыя лепшыя ў Еўропе аўтамабільныя дарогі і арганізавалі вытворчасць самаходаў для народа (знакамітая на ўвесь свет марка Volkswagen). У Расіі ж па-ранейшаму праблема бездарожжа, ніводнага канкурэнтаздольнага цывільнага аўтамабіля, затое ёсць даволі страшныя для еўрапейцаў танкі.

У перыяд распаду СССР (канец 1980-х – пачатак 1990-х) была адзначана такая спецыфічна расійская з’ява, як камуна-фашызм. У адрозненне ад Нямеччыны, дзе камуністы, ані тым больш сацыял-дэмакраты да гэтага «не даспелі», у Расіі ідэалогія нацызму выпрацоўвалася ў нетрах камуністычнай (бальшавіцкай) партыі.

І гэтаму ёсць тлумачэнне: у адрозненне ад тэорыі дэмакратычнага, гуманнага сацыялізму, бальшавіцкая дагматыка сябе вычарпала.

Немалая заслуга ў станаўленні расійскага нацызму належыць таксама Маскоўскай Патрыярхіі з уласцівай ёй ксенафобіяй і нецярпімасцю.

Нездарма ў інтэлектуальных колах Расіі ўжываюцца тэрміны «праваслаўны талібан» і «праваслаўны шарыят». Пэўную катэгорыю грамадзян Расіі рэлігіязнаўцы адносяць да «праваслаўнутых», г. зн. да фанатыкаў, да людзей, якія вышэй за ўсё ставяць расійскае праваслаўе. Гэткая грымучая сумесь шавінізму і рэлігійнага фанатызму. Тэорыя «рускага свету», з якою выступае Маскоўская Патрыярхія, – гэта цалкам палітычны праект пад рэлігійна-царкоўнай абалонкай.

Чыста ж палітычны праект «рускага свету» выпрацаваны ў крамлёўскіх і калякрамлёўскіх кабінетах. Калі для Гітлера Германія была там, дзе жылі немцы, дык для расійскіх уладных колаў, камуна-фашыстаў і царкоўнікаў Расія там, дзе расійская мова.

Яны ўзялі на сябе місію абароны не толькі ўсіх этнічных расійцаў на сумежных тэрыторыях, але і ўсіх расійскамоўных. Праўда, пуціністам не хапае смеласці сфармуляваць падабенства гітлераўска-гёбельсаўскага лозунгу «ein Volk, ein Reich, ein Führer» (адзін гнарод, адна імперыя, адзін правадыр). Але гэта не так важна. Важна, што гэты лозунг спрабуюць ажыццявіць. 

Камуна-фашыстаў, «праваслаўных талібаў» і ўладныя колы Расіі яднае з нямецкімі нацыстамі і паталагічная нянавісць да заходніх дэмакратыяў.

Само сабой, абедзве формы нацызму нельга ўявіць без антысемітызму. Што цікава, дык тое, што пуціністы спрабавалі разыграць габрэйскую карту. Яны хацелі запалохаць Еўропу і ЗША антысемітызмам украінскіх нацыяналістаў. Аднак неўзабаве выявілася, што першыя антысемцікія акцыі ў Крыме былі здзейснены з прыходам расійскіх акупантаў.

Нарэшце, як нямецкаму, гэтак і расійскаму нацызмам уласцівая агрэсіўнасць, якая нічога, апроч шкоды ўласным народам і дзяржавам не прынесла (Германія) і не прынясе (Расія).

У літаратуры сустракаецца цверджанне аб тым, што Гітлер марыў пра сусветнае панаванне. Аднак вядома, што Гітлер падзяліў з дзяржавамі Восі (Італіяй і Японіяй) сферы ўплыву. Татальна ашчаслівіць свет праз стварэнне Сусветнай Рэспублікі Саветаў марылі бальшавікі. Дзеля дасягнення гэтае мэты яны выдаткавалі велізарныя грошы на падтрымку «антыімперыялістычных сіл» ад Карэі і В’етнама, Егіпта і Анголы да Кубы і Нікарагуа. Расійскія нацысты – спадкаемцы бальшавікоў, і не выключана, што яны выношваюць ідэю калі не сусветнага, дык рэгіянальнага панавання. Калі ім удасца аднавіць нейкае падабенства СССР, дык чаму б не паспрабаваць вярнуць пад свой кантроль Цэнтральна-Усходнюю Еўропу?

І наастатак. Чаму я называю асноўных славянскіх жыхароў Расіі расійцамі, расейцамі, а не рускімі? Ды таму, што само паняцце «Русь», «рускія» зарадзілася ў сучаснай Украіне. Украіна і ёсць Русь.

Ва Украіне, у Кіеве, быў цэнтр Рускай Царквы. Калі ўтварылася самастойная маскоўская мітраполія, дык новае ўтварэнне сталі называць у хрысціянскім свеце Маскоўскай Царквою. І дзяржава была маскоўская. За Іванам ІІІ Масковія стала называць сябе Руссю, Іван нават абвясціў сябе гаспадаром усяе Русі, але само слова «Русь» з часам ператварылася ў Масковіі ў «Расію». І Царква афіцыйна стала Праваслаўнаю Расійскаму Царквою. Гэта Сталін зрабіў яе «рускай» і дадаў да тытулу маскоўскага Патрыярха словы «і ўсяе Русі» (раней было «і ўсяе Расіі»).

Такім чынам, і Царква ў іх расійская, і дзяржава, і народ, і мова расійскія. А мы – БелаРУСЬ. Мы – белаРУСЫ. І Праваслаўная Царква ў нас калі-небудзь сапраўды будзе БелаРУСКАЯ.

Хоць, удакладню, уніяты ўжо даўно называюць сваю супольнасць беларускаю. І служаць у сваіх цэрквах і капліцах па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?