І справа тут не толькі ў асабістым захапленні кіраўніка дзяржавы, якое ўжо ўвайшло ў беларускі фальклор. «Спорт даўно стаў вялікай палітыкай, і вельмі часта, нават, рызыкну сказаць, у большасці сваёй палітыкай бруднай і непрыстойнай», — адзначыў Лукашэнка на пасяджэнні.

Лядовае пабоішча з дыктатурай не адбудзецца

Адчуваецца, што беларускі афіцыйны лідар перахваляваўся за лёс мілага сэрцу мерапрыемства, права на якое Мінск атрымаў яшчэ ў 2009 годзе. І нават цяпер, калі ўжо ясна, што байкоту не будзе, Лукашэнка лішні раз прайшоўся па апазыцыянерах і заходніх палітыках, якія спрабавалі, як яны казалі, «сапсаваць дыктатару свята».

Прэзідэнт, ён жа кіраўнік НАК, падкрэсліў, звяртаючыся да сілавікоў: «Галоўнае — не дапусціць ніякіх правакацый». Падобна, што як у ваду глядзеў апазіцыйны лідар Уладзімір Някляеў, калі прадказаў днямі, што «перад чэмпіянатам свету па хакеі, які пройдзе з 9 па 25 мая ў Мінску, улады пойдуць да прэвентыўных затрыманняў дэмакратычных актывістаў».

Але і тых актывістаў, што застануцца на свабодзе, ахоўнікі ў форме і ў цывільным будуць гатовыя адлавіць на далёкіх подступах да лядовых арэн і іншых грамадскіх месцаў.

А наогул планы кшталту «распрапагандаваць» заўзятараў, сваіх і замежных, каб яны прасякнуліся непрыязнасцю да дыктатуры і пачалі махаць на трыбунах апазіцыйнай сімволікай, адпачатку выглядалі, на думку шматлікіх аглядальнікаў, як хісткімі ў арганізацыйным плане, так і не занадта разумнымі з палітычнага пункту гледжання.

Рэч не толькі ў тым, што гэта хворы мазоль Лукашэнкі, і, адпаведна, элементарна прагназуецца тое, што органы атрымаюць загад бязлітасна круціць бунтаўнікоў. Галоўнае ж — на хакеі людзі, нават тыя, што не адчуваюць сімпатыі да рэжыму, хочуць расслабіцца і атрымаць задавальненне. Гэта не той момант, калі трэба махаць агіткамі.

Вялікі спорт, гэтае магнетычнае шоу, хутчэй гуртуе масу вакол правадыра, нездарма Пуцін столькі ўклаў у сочынскую алімпіяду і наогул аўтарытарныя лідары імкнуцца да відовішчаў на арэнах.

І дзіўна, што распрацоўшчыкі гэтых планаў насаліць дыктатару не разумеюць, што такім шляхам электаральную базу не пашырыш. Наадварот, толькі ўзмоцніцца негатыўны імідж тых, хто вечна суне палкі ў колы. Калі чэмпіянат сапраўды пройдзе прыгожа, дзяржпрапаганда яшчэ не раз скажа задаволеным як сланы простым беларусам: вось бачыце, а «пятая калона» хацела ўсю гэтую маліну абгадзіць!

Крым зжарэ беларускую пайку

Калі абмеркаванне хакейнага пытання на Радзе Бяспекі афіцыйныя крыніцы выклалі падрабязна, то пра ўкраінскія ўрокі далі толькі пару абзацаў агульных словаў.

Пры гэтым Лукашэнка ўзмоцнена падкрэсліваў: «…Мы зусім чагосьці там не спалохаліся». Такія старанныя запэўніванні, на думку знаўцаў яго псіхалогіі, заўсёды варта чытаць дакладна наадварот.

«Думаю, што эмацыйна рэжым напалохала расійская агрэсія ва Украіне. Аднак страх праходзіць, і відаць, што вынікам палітыкі Крамля могуць стаць праблемы для эканомікі Беларусі», — сказаў у каментары для Naviny.by Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog.

Па словах аналітыка, тут можа спрацаваць комплекс неспрыяльных фактараў, у прыватнасці, адаб'юцца «прасадка эканомікі Украіны, уплыў санкцый Захаду на інвестыцыйныя планы расійскіх кампаній, што можа адбіцца на беларускім экспарце».

Сапраўды, усё больш сімптомаў таго, што, не маючы вялікай ахвоты біцца за Украіну, Захад патроху намацаў болевыя кропкі пуцінскага рэжыму.

Расія ўжо страчвае на крымскай авантуры шалёныя грошы (шкода ад санкцый, адток капіталу, падзенне фондавага рынку і іншае). Калі заўтра Штаты на пару з саудаўцамі абваляць цэны на нафту, Масква атрымае фінансавую прабоіну ніжэй за ватэрлінію.

І ў любым выпадку ў Крамля ўжо не будзе для Беларусі столькі пернікаў, уключаючы бонусы за ўваходжанне ў Еўразійскі саюз, як гэта яшчэ нядаўна ўяўлялася хітрым інтэгратарам у Мінску.

Як Расія будзе браць Беларусь

Пасля Крыма стала да болю ясна, што інтэграцыя з імперыяй — менавіта той выпадак, які рускія апісваюць прыказкай: пайшоў па воўну, а вярнуўся стрыжаны. Прычым пад нулёўку могуць падстрыгчы саму незалежнасць.

Хутчэй за ўсё, Расія будзе браць Беларусь без танкавых удараў, ціхай сапай. Так лічыць, у прыватнасці, палітолаг, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі (Мінск) Андрэй Ягораў.

У каментары для Naviny.by ён абмаляваў імаверны сцэнар падпарадкавання Крамлём «малодшай сястры».

Па-першае, гэта «адцісканне функцый кіравання краінай на наднацыянальны ўзровень, напрыклад, праз дэлегаванне іх органам Еўразійскага саюза».

Па-другое, разбурэнне кансалідацыі беларускай наменклатуры: праз подкуп, абяцанне дабротаў і пасадаў пры змене ўлады (такія метады Масквы прасочваюцца сёння ва Украіне). Пятая калона (сапраўдная, а не прыдуманая антызаходняй прапагандай) будзе камплектавацца таксама за кошт «кіраваных грамадскіх арганізацый».

Па-трэцяе, гаворыць Ягораў, Крэмль будзе больш жорстка ціснуць, прымушаючы да продажу актываў. Прычым тут для Расіі важна авалодаць не столькі самімі заводамі, не такімі ўжо і прыбытковымі, колькі людскімі рэсурсамі і тэрыторыямі (калі гаворка ідзе пра горада- і бюджэтаўтваральныя прадпрыемствы). Бо сёння ўлада Лукашэнкі шмат у чым трымаецца на кантролі над адзяржаўленай эканомікай.

Беларускі прэзідэнт выдатна бачыць гэтыя небяспекі, але рэсурс супраціву ў яго вычарпаўся дашчэнту.

Толькі за першы квартал золатавалютныя рэзервы скараціліся яшчэ без малога на мільярд даляраў. Без падсілкоўвання з Масквы, продажу ўласнасці не абысціся.

«Сёння робіцца відавочным, што беларуская ўлада ўсе гэтыя гады не дзейнічала ў інтарэсах Беларусі. У выпадку расійскай інтэрвенцыі мы страцім тэрыторыю яшчэ цішэй, чым гэта было з Крымам. А калі заўтра будуць падпісаныя нейкія пагадненні, то ўвогуле ніхто не будзе гатовы штосьці гэтаму супрацьпаставіць — ні ў апазіцыі, ні ў грамадстве, ні сярод шырокіх слаёў насельніцтва. Проста прачнемся ў новай геапалітычнай рэальнасці», — такі невясёлы варыянтны прагноз Ягорава.

І калі найгоршы варыянт не спраўдзіцца, то не дзякуючы магутным апорам беларускай незалежнасці (улада за 20 гадоў іх так і не стварыла), а толькі з той прычыны, што Масква надарвецца на «ўкраінскім пытанні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?