Дарагія сёстры і браты!

У гэты страшны момант мы з болем сэрца звяртаемся да вас.

Кіроўны ў Расеі рэжым перайшоў апошнюю маральную мяжу і без абвяшчэння вайны пачаў ваенныя дзеянні ва Украіне. На пачатку сакавіка расейская армія акупавала Крым, а цяпер спрабуе захапіць паўднёвы ўсход вашай краіны.

Пры гэтым спецпадраздзяленні расейскай арміі, што ганебна для вайскоўцаў любой краіны, хаваюць сваю нацыянальную прыналежнасць і свае твары і дзейнічаюць у якасці «зялёных чалавечкаў». Гэта ганьба для Расеі, ганьба для нашай арміі. Расейская армія ніколі не ганьбіла сябе, прыкрываючыся мірнымі жыхарамі. Расейскі вайсковец так не зрабіў бы і цяпер, але рэжым штурхнуў яго на злачынства супраць брата і супраць уласнага гонару.

Для акупацыі украінскай зямлі, адрынання яе часткі расейская ўлада выкарыстоўвае спрэс хлуслівыя лозунгі аб шматгадовым жорсткім прыгнёце расейскамоўных грамадзян Украіны кіеўскімі ўладамі, які нібыта меў месца, і пра тое, што сёлета ў лютым дзяржаўную ўладу ва Украіне захапілі фашысты і бандэраўцы. Мы выдатна разумеем, што Януковіч, які кіраваў Украінай ўсе апошнія гады, сам, паходзячы з усходу Украіны, ніколі не стаў бы прыгнятаць супляменных яму жыхароў Данбаса, Харкава і Крыма больш, чым украінцаў заходняй часткі вашай краіны. Ён і ягоныя папярэднікі прыгняталі ўсіх грамадзян, рабуючы іх і ператвараючы найбагацейшую патэнцыйна краіну Еўропы ў краіну жабракоў і бяспраўных людзей, нярэдка змушаных шукаць кавалак хлеба за мяжой. Мы выдатна разумеем таксама, што цяперашняя ўлада Украіны, прызнаная амаль усёй сусветнай супольнасцю, не мае нічога супольнага ні з фашызмам, ні з нацызмам. Гэтая ўлада, якая распачала кіраванне краінай у пастаянным дыялогу з грамадзянамі, імкнецца зацвердзіць ва Украіне дэмакратычную дзяржаўнасць.

Мы выразна ўсведамляем, што Украіна – адна з краінаў, якія ўтварыліся пасля распаду СССР – не захоплівала ні пядзі зямлі за межамі межаў, пацверджаных міжнароднымі і міждзяржаўнымі дамовамі, межаў, ўспадкаваных ад СССР. Цяперашняя Расейская Федэрацыя ні ў малой ступені не з'яўляецца адзіным спадчыннікам нашай былой агульнай краіны Расеі. Зямля Севастопаля, Крыма, Данбаса, роўна як і зямля любой іншай часткі гістарычнай Расеі, палітая потам і крывёю ўсіх народаў нашай былой агульнай радзімы, бо ўсе яе абаранялі, і ўсе на ёй працавалі, радаваліся і пакутавалі. Словы, сказаныя сп. Пуціным пра ўз'яднанне Крыму з Расеяй, з'яўляюцца не чым іншым, як ілжывай агіткай. Гэтак жа можна абвясціць пра ўз'яднанне Казахстана і Кіргізіі з Расеяй, бо да 1936 года яны былі часткай РСФСР, ды і Фінляндыі і Польшчы, бо да 1917 года яны з'яўляліся часткай расейскай дзяржавы.

Мы лічым непарушным Пагадненне аб стварэнні СНД ад 8 снежня 1991 года, амаль адзінагалосна ратыфікаванае расейскім парламентам, пяты артыкул якога абвяшчае, што «Высокія Дагаворныя Бакі прызнаюць і паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць адно аднаго і недатыкальнасць існых межаў у рамках Садружнасці». Гэты прынцып быў пацверджаны ў артыкуле другім «Дамовы аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Расейскай Федэрацыяй і Украінай» ад 31 мая 1997 года. Прынцып гэты адпавядае і прынцыпам (трэцяму і чацвёртаму) Хельсінскага заключнага акта АБСЕ.

Сёння, падступна парушаючы ўсе гэтыя і мноства іншых міжнародных дамоваў, пляжачы свой уласны подпіс пад імі, Расейская Федэрацыя, а дакладней, рэжым, што захапіў у ёй уладу, здзекліва ажыццяўляе агрэсію супраць вас, украінцаў, самага блізкага і братняга нам народа, высакамерна патрабуе ад вас прыняцця тых або іншых формаў дзяржаўнага ладу, перагляду вамі вашай Канстытуцыі, вашых законаў. Цяперашні рэжым забывае, што ягоная ўлада нават над Расеяй валодае вельмі сумнеўнай легітымнасцю праз адсутнасць у цяперашняй Расеі свабодных і праўдзівых выбараў усіх узроўняў, уключаючы прэзідэнцкі, і шматразовыя фальсіфікацыі. Пагатоў ён не мае ніякага права дыктаваць сваю волю іншай суверэннай дзяржаве.

Нам агідныя гэтыя дзеянні нашай улады, мы пакутуем ад той ганьбы, якую яны ўчыняюць нашай радзіме перад абліччам ўсёй сусветнай супольнасці. Мы ўсведамляем, што становімся краінай-ізгоем, з усімі эканамічнымі і палітычнымі наступствамі, якія з гэтага няшчаснага становішча вынікаюць.

І таму – з асаблівай шчырасцю! – мы хочам абвясціць вам, дарагія ўкраінскія сёстры і браты: адстойваючы свабоду вашу, цэласнасць вашай краіны, вы адстойваеце і цэласнасць нашай краіны Расеі, і свабоду нашага народа.

Мы з вамі ў вашай справядлівай барацьбе!

Людміла Аляксеева 
Андрэй Зубаў
Міхаіл Касьянаў
Георгій Сатараў
Лілія Шаўцова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?