«Бывае, жыць не хочацца! Няма за што жыць!» — скардзіцца маладзечанец Мікалай Дзяковіч. Яму — 57 гадоў, інвалід 3 групы.

У яго цукрыца, энцэфалапатыя, ішэмічная хвароба сэрца, артэрыяльная гіпертэнзія, траўма галавы. З такім «букетам» хвароб працаваць не будзеш.

«Да групы я працаваў на трубапракатным заводзе ў Маладзечне. А пасля мяне звольнілі па хваробе. І цяпер я не магу прайсці медкамісію нават на дворніка. Мне нічога не дазваляюць рабіць. А як жыць?»

Праўда, Мікалаю ўсё­-ткі падабралі месца на прадпрыемстве таварыства інвалідаў па зроку: апрацоўваць вырабы з пластмасы.

Але ён паказвае разліковы лісток за люты: адпрацавана 16 дзён (128 гадзін) і 4 дні прастою, налічана — 273 тысяч рублёў.

Пенсіі ён атрымлівае 1,1 мільёна, з іх 104 тысячы заплаціў за апошні месяц за інтэрнат. На жыццё застаецца 4 даляры на дзень.

«Мне на ежу і лекі каб хоць хапала. Каб мне плацілі мільён там, дзе цяпер раблю, я б нікуды і не звяртаўся. Мільён заробку, мільён пенсіі — выжыў бы. Можа, мне 2­-3 гады засталося на гэтым свеце, і так існаваць?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?