Шмат гадоў я бачыў адзін і той жа сон.

У нейкім горадзе я бягу разам з тысячамі іншых людзей… Куды — не ведаю. Бягуць старыя і маладыя, цягнуць нейкія падводы са скарбам, крычаць дзеці, адны адстаюць, іншых дарослыя бяруць на рукі і бягуць разам з імі. Раптам — успышка! Неймаверна яркая і гарачая, вопратка на спінах людзей перада мною пачынае дыміцца. Пасля сполаху ўсе спыняюцца і абарочваюцца. Над сілуэтам горада павольна вырастае атамны грыб. Я чакаю разам з усімі прыходу выбуховай хвалі, але яе няма…

Я прачынаюся, ніяк не магу зразумець: было гэта насамрэч ці не? Калі ачуняў, сну ўжо як і не было. І з кожным новым сном гэтая адаптацыя да рэальнасці становіцца ўсё даўжэйшай.

Гэты сон я неяк распавёў свайму сябру Уладзіміру Някляеву, і ён выкарыстаў яго ў сваім выдатным рамане «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», «прысвоіўшы» сон аднаму з персанажаў рамана, у нечым падобнаму да мяне.

Я б і не ўспомніў пра гэтыя жудасныя сны, калі б сёння зноў не ўбачыў іх. Усё было ўжо звыклым у сне, за выключэннем аднаго. Страшная, што знішчае ўсё, выбухная хваля ўсё ж такі прыйшла…

Доўга ляжаў без сну і глядзеў, як за акном прачынаецца дзень. І ўспомніў дэталь, якой ніколі раней у сне не было: над натоўпам людзей праляцеў з дзікім ровам самалёт з чырвонымі зоркамі на крылах.

Да мяне, нарэшце, дайшло, чым выкліканы новы кашмар. Нядаўна я пачуў аб прыбыцці новых расійскіх самалётаў у Беларусь.

Днём мне гэта здалося чарговай непрадуманай акцыяй нашых уладаў, але ўначы ўбачыў увесь жах гэтай непрадуманасці. Самалёты проста так не прылятаюць. Яны для чагосьці патрэбныя. Для чаго?

У свеце неспакойна, Украіна падымаецца з калень, а «старэйшы брат» гэтага не жадае, бо зараза свабоды не мае межаў, яе не спыніш ніякім санітарным кардонам. Вось чаму самалёты з чырвонымі зоркамі праносяцца над нашымі галовамі.

Колькі разоў чуў гэты заклён: «Толькі б не было вайны!» Вядома, самалёты над галавой — гэта яшчэ не вайна. Гэта прадчуванне вайны.

І што тады? Вайна Расіі з Украінай? Крым ужо расійскі, хто наступны? І, вядома ж, калі гэтыя самалёты падымуцца ў Беларусі і паляцяць бамбіць Украіну, куды накіруюць зваротны ўдар? Адказ відавочны і зразумелы — на нашы галовы. І зноў бамбасховішчы, зямлянкі, сыход у лясы, ці так? Каму гэта трэба?

Брат заўсёды абараняе брата, як у дзяцінстве мы ганарыліся сваімі старэйшымі братамі, але ніхто і ніколі не думаў, што брат можа стаць ворагам. Сёння відавочна, што гэта здараецца.

Рускі падняў руку на ўкраінца. Але, на шчасце (а можа, і не), ва ўкраінцаў таксама знайшліся браты, хоць і не такія родныя.

Мне трывожна за дзяцей і ўнукаў. Яны ў чым правініліся перад «вялікім братам», што ўцягвае Беларусь у вайну?

Заўсёды добра ставіўся да выдатнай журналістыкі Савіка Шустэра яшчэ з часоў яго працы на НТВ і не здзівіўся яго інтэрв'ю з нашым прэзідэнтам. Яны старыя знаёмыя. Пытанні былі няпростымі, і галоўнае для нас гучала непрыкрыта і ў лоб: што будзе з намі, ці не станем наступнай мэтай расійскіх войскаў для абароны рускамоўнага насельніцтва? І даведаўся, што сам прэзідэнт гатовы абараняць Беларусь ад нашэсця. Але на любой вайне гінуць і галадаюць не тыя, хто аддае загады. Гэта старажытныя палкаводцы скакалі наперадзе сваёй рыцарскай конніцы і нароўні з усімі змагаліся ў баі. Сёння звышмоцныя бункеры аберагаюць палкаводцаў нават ад атамнага ўдару, ім ёсць дзе чакаць перамогі. Толькі вось тыя ж старажытныя далі нам прыклад такой перамогі. Яны называлі яе піравай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?