Давялося мне тут пазнаёміцца з апошнім нумарам выданьня ”pARTisan. Альманах сучаснае беларускае культуры” (№ 5, 2007 г.). Тэма гэтага нумару “Вайна”. А дакладней – “вайна культураў”.

Угляданьне ў культурныя зьявы праз прызму такога вобразу, як вайна, выглядае даволі слушным і абяцае быць прадуктыўным. Ёсьць рацыя ў тым, што і ў культуры, як і іншых сфэрах нашага жыцьця, ідзе барацьба, захопліваюцца прасторы, перасоўваюцца і ўсталёўваюцца межы. І бясспрэчна, вельмі пэрспэктыўным для разуменьня нашай беларускай сытуацыі выглядае вобраз ня проста “вайны”, але “партызанскай вайны”. Тут табе і “акупанты”, і”калябаранты”, і ўсё такое падобнае. Дарэчы, гэты вобраз блізкі і асабіста мне, але тут шмат што залежыць ад таго, як, дзе, ў дачыненьні да чаго яго выкарыстоўваць. Вось як раз у дачыненьні да культурнай прасторы ў Беларусі, як мне здаецца, лёгка апынуцца ў пастцы супярэчнасьцяў і паглыбленьня той хваробы, супраць якой зьбіраліся змагацца.

Гэта даволі яскрава бачна па таму “кругламу сталу”, якім адкрываецца альманах. У размове прынялі ўдзел Алесь Анціпенка, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Андрэй Расінскі, Максім Жбанкоў.Няма сэнсу пераказваць цікавую інтэлектуальную размову, але вось на што я зьвярнуў увагу.

Зразумела, калі “вайна”, дык супраць каго? Каму супрацьстаіць і з кім змагаецца беларуская культура? Яна “партызаніць” дзе, на прасторы, якую захапіла якая культура? Ну, зразумела ж – расейская. І ў гэтым ня проста ёсьць рацыя – гэта аб’ектыўная рэальнасьць.

Усё так. Але адна справа, калі яна сваім шляху сустракаю супраціўленьне, вымушаны ісьці супраць ветру, і такім чына вучыцца яго пераадольваць, калі ён перашкаджае, не дае зьдзейсьніць мае пляны, а іншы – калі я “аб’яўляю вайну” гэтаму ветру. Сама гэтая вайна становіцца сэнсам, я пачынаю зводзіць сутнасьць сваёй справы да барацьбы з непрыемным ветрам. Але ня з кожным ветрам, бо той вецер, што мне сёньня дзьме ў сьпіну – гэта добры вецер.

Вось і ў гутарцы за “круглым сталом” адразу высьвятляецца, што “ваюем” мы супраць расейскай культуры, яна наш вораг і толькі вораг, а таму задача стаіць у тым, як адштурхнуцца, дабіцца сваёй культурнай ідэнтычнасьці праз… не, не стварэньне свайго культурнага прадукту… а праз НЕ-рускасьць. Канешне, разумныя людзі, што там сабраліся, разумеюць, што так ставіць пытаньне вельмі прымітыўна. Таму пастаянна агаворваюць, што ўсё ж зараз больш важным зьяўляецца барацьба з татальнай баналізацыяй культуры. баналізацыяй культурных каштоўнасьцяў. Нават была выказана такая думка, што ў вайне мы хоць пакуль ня перамаглі, але “у сучаснай культурнай сытуацыі расейская культура прайграла вайну за ўнівэрсальнасьць у глябальным маштабе” (Ігар Бабкоў). Але выйсьці з пасткі вельмі складана. Барацьба з баналізацыяй міжвольна накладаецца на барацьбу з расейскай культурай, і “на паверхні” (па словах таго ж Бабкова) ўсё выглядае як “вайна беларускай культуры з расейскай папсой”. Вось менавіта гэтае “на паверхні”, як бывае, і складае ідэалягемы “вайны”. Цяпер мы можам колькі заўгодна разважаць пра глыбінныя” і “складаныя” працэсы, а “на паверхні” ўся роўна будзе гэтая ўстаноўка каляніяльнай сьвядомасьці. Культура, якая знаходзіць сваю ідэнтычнасьць праз адмаўленьне нейкай іншай культуры, супрацьстаўленьне ёй, прыніжае сябе, робіць сябе ж прыдаткам гэтай “варожай” культуры. Казалі, дарэчы, у гэтай размове і пра мяжу, што паміж беларускай і рускай культурай павінна быць усталявана нармальная мяжа (Алесь Анціпенка). Дык вось мне здаецца, што мяжа ня толькі ёсьць, але сама беларуская культура ператвараецца ў мяжу. У нейкім сэнсе гэта навогул лёс Беларусі – быць мяжой паміж Захадам і Усходам, і бывае гэта менавіта таму, што як прастору мы ўспрымаем толькі ці Ўсход, ці Захад, а сябе прыстасоўваем то да тых, то да тых.

Ну а вельмі яскравы прыклад, як варожасьці і супрацьстаўленьне ператвараецца ў залежнасьць, можна знайсьці ў ты жа нумары. Гэта разважаньні аднаго вядомага культурнага дзеяча нашай краіны. Ірына Халіп Вельмі вобразна піша пра гэтага дзеяча:

“Этот человек - помесь Остапа Бендера и царя Мидаса, обильно посыпанная укропом и прочими приправами белорусского национального огорода. Его проекты похожи на истинно бендеровские аферы. При этом все, за что он берется, обращается в золото, как у библейского царя. О нем ходят легенды. А зовут его - Адам Глобус”.

Трэба дадаць, што называецца артыкул “Продавец воздуха”.

Чым ён гандлюе, калі хто ня ведае, мы скажам далей. А пакуль працытуем некаторыя выказваньня.

“У кожным беларусе сядзіць рус, у беларускасьці ёсьць рускасьць, і гэта не найлепшае, што маюць беларусы і Беларусь. Трэба выціскаць гэтую рускасьць, замяняць яе эўрапейскасьцю, цывілізаванасьцю і выхаванасьцю”.

Нешта знаёмае… Ага.. Пра “выцісканьне” мы чулі ўжо, толькі ня “рускасьці”, а “раба”. І актуальна гэта менавіта для рабоў.

І, бачым далей, гэтыя словы ня проста сэнтэнцыя інтэлектуала. Адам Глобус толькі і робіць, што ўпарта “выціскае руса”.

Усё, што ён ня бачыць у расейскай культуры, вызывае прама жудасную нянавісьць. Пры гэтым ён цытуе верш Блока:

Друг другу мы тайно враждебны,

Завистлівы, глухи, чужды.

Но как же и жить и работать,

Не зная извечной вражды?

“Чыста расейскае пытаньне, - кажа Адам Глобус, - Жыцьцё без вайны ім падаецца нікчэмным і нецікавым”. Але ці не пра сябе ён гэта кажа ў першую чаргу?

І такія супярэчлівасьці, змаганьня з “русам”, але заставаньне “русам”, праходзіць праз усе нататкі пад назвай KAMERA.RU. Аўтар ня можа выйсьці з камэры, грукае ў дзьверы, робіць падкопы, але тым больш адчувае сябе за кратамі.

Ён радуецца, што Дастаеўскі назваў Лермантава “гнюсным”, пры гэтым суцяшае сябе, што сярод беларускіх пісьменьнікаў гнюсных няма, але тут жа дае даволі непрывабны партрэт Сыса. Ён распавядае нам, што ў Расеі распаўсюджаны звычай каштавацца крывёй забітага барана, разважае пра азіяцкую “расейскасьць” гэтага звычаю, але тут жа ўзгадвае, што бачыў падобнае ў беларускім Кайданава.

І нават прыводзіць аргумэнты ў стылі нацысцкай “антрапалёгіі”:

“На рускай галаве ўласна твар займае зусім маленькую частку. Галава ёсьць, а твару амаль няма. Нават няёмка робіцца за такую рускую галаву.”

Ну а Масква яму не да спадобы перш за ўсё таму, што Масква працуе так, як быццам “хоча зарабіць усе грошы адразу, як той казачны Ямеля..”

І вось тут як раз і трэба ўзгадаць, якім жа ветрам гандлюе Глобус, ды гандлюе так, што яго параўноўваюць з царом Мідасам, ад рукі якога ўсё ператваралася у золата. Ну амаль як у Ямелі.. Ці Хатабыча, героя самай любімай, аказваецца, кніжкі Глобуса.

На пачатку Перабудовы наш герой з сябрамі зрабіў брыгаду па напісаньню ўсякай літаратурнай папсы. Было напісана сотні раманаў-аднадневак, “працягаў” і. г д., якія прадаваліся вельмі пасьпяхова.

“Глобуса не слишком интересовало, каким тиражом, в каком переплете и в каком формате выйдет то или иное его произведение. Он продавал рукописи, и главное было - сколько ему за это заплатят. О дальнейшей их судьбе он не беспокоился,” – сьведчыць Ірына Халіп.

Зразумела, усё пісалася на расейскай мове і было арыентавана ў першую чаргу на расейскага чытача. Ну і нашага, канешна. Ня думаю, што гэта спрыяла “выцісканьню рускасьці”. І калі “вайна культураў” выглядае як вайна беларускай культуры і расейскай папсы, на які ж фронт працаваў наш змагар з рускасьцю?

Вось такі трагічны лёс. А разумным людзям навука.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?