Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч чарговы раз сустрэўся з журналістамі. І я там быў, каву піў, але традыцыйнымі тартамі на гэты раз не частаваўся. Бо, як вядома, у праваслаўных толькі пачаўся Вялікі пост.

А каталікі ўжо рыхтуюцца да Вялікодных урачыстасьцяў, таму ім ды падрыхтоўцы да іх была як раз і прысьвечана сустрэча.

Як аказалася, і на гэты раз не абыдзецца без арыгінальных рэчаў, на якія такі шчодры новы мітрапаліт. На Раство каталікі ўпершыню сустракалі сьвята пад феерверк, а Пальмавая нядзеля будзе з сапраўдным аслом. Бо, як вядома, менавіта на асьле ўвайшоў Збаўца ў Іерусалім. Асла ў Менску не знайшлі, прывязуць аж з Дудутак. Для яго будзе перад катэдрай зроблены спэцыяльны загон, так што можна прыйсьці паглядзець у нядзель на жывую істоту. Нават, як я зразумеў, дзеці змогуць на ім пакатацца. Плянуецца ўдзел асла і у ўрачыстай працэсіі, але пакуль не знайшоўся чалавек, які б пагадзіўся выканаць ролю Хрыста. Усе лічаць сябе недастойнымі, і гэта натуральна.

“Тадэвуш Кандрусевіч - таленавіты піяршчык”, - сказала потым адна з удзельніц сустрэчы. І сапраўды, шмат што ў каталікоў зараз робіцца ўпершыню. Хтосьці зьвярнуўся да мітрапаліта з пытаньнем наконт таго, што ж яшчэ нас чакае. Высьветлілася, што і праўда – што там асёл... на наступныя Каляды чакаюцца вярблюды! Бо менавіта на вярблюдах, як лічыцца прыехалі пакланіцца Збаўцу валхвы з усходу...

А, дарэчы, што тычыцца асла, то звычай падобны быў і ў праваслаўных. Можа не ўсюды, але ў Маскве ў 16-м стагодзьдзі было так званае “шествие на осляти” .

Асабліва ўрачыста гэта рабілася пры патрыярху Нікане, які лічыўся тады амаль што роўны з царом. І на Вербную нядзелю ён садзіўся на асла, якога цар, які ішоў побач пешкі, трымаў за вуздэчку. Тут, між іншым, хаваўся глыбокі сэнс так званай “сымфоніі” паміж Царквой і дзяржавай. Менавіта ў тым варыянце, у якім яго разумеў патрыярх Нікан. Зразумела, царам такая сімфонія з ухілам ад звычайнага цэзарапапізма да папацэзарызму была не зусім па душы, і той жа Аляксей Міхайлавіч трымаўся, трымаўся, але не вытрымаў. А ягоны сын Пётр Першы зусім гэты звычай скасаваў як для цара зневажальны. Як і патрыяршаства навогул.

Але сутнасьць нават ня ў тым, хто на асьле, а хто побач, а ў тым, што Царква і дзяржава не павінны круціцца вакол аднаго і таго ж асла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?