18 мая пайшла з жыцця знаны літаратуразнаўца і педагог Лілія Тамашова — чалавек, дзякуючы якому ў школьную праграму трапілі творы Васіля Быкава. Ёй быў 91 год.

Нарадзілася Лілія Тамашова на Віцебшчыне, дзяцінства правяла на Кольскай паўвыспе, куды ў пошуках заробку выправілася яе сям’я.

У 1949 годзе спадарыня Тамашова скончыла філалагічны факультэт БДУ і пачала выкладчыцкую дзейнасць. Па падручніках і хрэстаматыях, складзеных Тамашовай, ужо тры пакаленні беларускіх школьнікаў знаёмяцца з Янкам Купалам і Якубам Коласам, Максімам Багдановічам і Змітраком Бядулем, некалькі пакаленняў настаўнікаў карыстаюцца яе метадычкамі.

«Часта дзеля справядлівасці яна прымала рашэнне з рызыкай для рэпутацыі і жыцця, — узгадваюць сваякі спадарыні Тамашовай. — У яе часы не толькі наведаць рэпрэсаванага бацьку, паехаць за мяжу, але нават ўвесці Васіля Быкава ў школьную праграму было сведчаннем мужнасці і волі, непрымірымага сумлення і тонкага пачуцця. У Ліліі Фёдараўны быў яркі тэмперамент, і калі яна прыязджала з глыбінкі і горача абуралася становішчам беларускага настаўніка, станам вясковых школ, — здавалася, што цяпер сістэма абрынецца. Сумленне яе патрабавала справядлівасці».

Пахавалі спадарыню Тамашову ў Каралёвым Стане, побач з магілай мужа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0