На гэты раз мы напрасіліся ў госці да сямейнай пары Ніны і Паўла Іванікаў, што жывуць у жывапіснай вёсцы Андрэевічы пад Ваўкавыскам.

Для свайго конкурснага сэлфі гаспадары навучылі пазіраваць нават казу. Менавіта Ніна Аляксандраўна адказвае ў сям'і за асваенне новых тэхналогій.

Для свайго конкурснага сэлфі гаспадары навучылі пазіраваць нават казу. Менавіта Ніна Аляксандраўна адказвае ў сям'і за асваенне новых тэхналогій.

Тры гадзіны ад Мінска — і вось мы ўжо ў Андрэевічах. Ззаду засталіся раскідзістая рэчка Зяльвянка і касцёл Святога Міхаіла ў вёсцы Гнезна, які чымсьці нагадвае Мірскі замак.

У вёсцы — усяго адна вуліца. Мясцовыя нават не ведаюць, як яна завецца. Людзей у Андрэевічах засталося мала: адзін школьнік ды пенсіянеры. У асноўным — жанчыны. Нашы сённяшнія героі кажуць, што некаторыя мужыкі задужа любяць выпіць, таму раней і паміраюць.

Калі ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі яшчэ пахмурна і дажджліва, у Андрэевічах зямля ўжо паспела падсохнуць пасля зімы.

Павел і Ніна Іванік каля сваёй хаты. Праз дарогу — хлявы і поле.

Павел і Ніна Іванік каля сваёй хаты. Праз дарогу — хлявы і поле.

Ніну Аляксандраўну сустракаем у акружэнні суседак: жанчыны чакаюць аўталаўку, якая сёння нешта спазняецца. Унук Віктар неяк прапанаваў бабулі замовіць дастаўку прадуктаў дадому, але старыя, пачуўшы, што мінімальны кошт замовы — 35 рублёў, адразу адмовіліся. За раз пакінуць столькі грошай у краме яны сабе не дазваляюць. А кожнай ашчаджанай капейкай падтрымліваюць нашчадкаў.

Аўталаўка хоць і не заўсёды радуе пунктуальнасцю, затое некалькі разоў на тыдзень становіцца цэнтрам, дзе збіраюцца вяскоўцы, каб абмяняцца навінамі. Ну, калі не ўлічваць аўтобус, які трымае сюды маршрут з Ваўкавыскай раённай бібліятэкі: штомесяц развозіць кніжкі па вёсках. Мясцовым гэта зручна: пенсіянеры і нешматлікая моладзь здаюць прачытаныя выданні і мяняюць іх на новыя.

Спадарыня Ніна — бадай ці не галоўная прыхільніца бібліятэкі на колах. Тое і не дзіва: частку свайго жыцця Ніна Аляксандраўна адпрацавала ў бібліятэцы. Дарэчы, менавіта там яна і пазнаёмілася з будучым мужам. Павел Міхайлавіч згадвае: «Да арміі я рабіў кінамеханікам. Спачатку — на перасоўцы працаваў. Пасля мне прапанавалі перайсці на стацыянар у сяло Грынкі. Там у клубе месцілася і наша кіно, і бібліятэка. Так мы, побач робячы, і пазнаёміліся».

Спадар Павел кажа, што тады народ «валам валіў» на «Чалавека-амфібію». А зімой, калі людзі зусім неахвотна вылазілі з хат, ён распрацаваў прарыўную для таго часу сістэму продажу квіткоў: адзін «пропуск» у свет кінамастацтва тады каштаваў 20 капеек. Павел жа раздаў людзям спецкарткі па рублі, якія дазвалялі цягам месяца прыходзіць у кіно любому члену сям’і.

Частка дома Іванікаў будавалася яшчэ бацькамі гаспадара. Штосьці аднаўлялася пасля таго, як жылую зямлю давялося пасунуць далей ад будаўніцтва чыгункі. Новыя вялікія пакоі Павел Міхайлавіч па большай частцы ўзводзіў сам у 1970-я гады. Хату ўпрыгожваюць выразаныя яго рукамі сімвалы: сонейка (каб было сям’і цяплей) і кветкі, што сімвалізуюць дачок, зяцёў і унукаў.

Частка дома Іванікаў будавалася яшчэ бацькамі гаспадара. Штосьці аднаўлялася пасля таго, як жылую зямлю давялося пасунуць далей ад будаўніцтва чыгункі. Новыя вялікія пакоі Павел Міхайлавіч па большай частцы ўзводзіў сам у 1970-я гады. Хату ўпрыгожваюць выразаныя яго рукамі сімвалы: сонейка (каб было сям’і цяплей) і кветкі, што сімвалізуюць дачок, зяцёў і унукаў.

Свайго каханага Ніна Аляксандраўна чакала з арміі цэлыя чатыры гады: сувязь падтрымлівалі праз папяровыя лісты. Нярэдка салдат Павел, каб пабачыцца з Нінай, сыходзіў у самаволку, за што адзін раз моцна атрымаў ад камандавання.

«У 8 год я сама цягала дадому ваду з калодзежа, у 12 — вымушана прыняла ў маці роды» — гісторыя Любові Чубанавай

Пасля арміі маладыя нарэшце ажаніліся. Гулялі вяселле спачатку на малой радзіме Ніны Аляксандраўны ў Грынках. Пасля — у Андрэевічах. За шлюбнай белай сукенкай з залатой вышыўкай нявеста спецыяльна ездзіла ў Гродна: гэты скарб яна захоўвае да гэтага часу. І гэта пры тым, што пара нядаўна адсвяткавала 50-годдзе шлюбу! Запэўніваюць, што гэты час праляцеў незаўважна: здаецца, толькі ўчора нарадзіліся тры дачкі, а тут ужо і ва ўнука Віктара свая дачка Алеся.

«Каб столькі пражыць разам, трэба адно на аднаго не злаваць. Прайшоў нейкі час — саступай і размаўляй, інакш канфлікт зацягнецца», — раяць Іванікі.

Спадарыню Ніну Павел Міхайлавіч да гэтага часу называе «любоў мая».

Спадарыню Ніну Павел Міхайлавіч да гэтага часу называе «любоў мая».

На пенсію яна выходзіла з пасады лабаранткі ў школе. Ён — з пазіцыі ваенрука і настаўніка ВВК. Свае замашкі настаўнікаў Іванікі перанеслі і ў сямейнае жыццё: гучны камандны голас гаспадара і цяпер падымае ўсіх, хто ляжыць на ложку даўжэй, чым трэба. Нават на летніх канікулах спадар Павел будзіць усіх дзяцей і ўнукаў у 6 гадзін раніцы і размяркоўвае абавязкі па гаспадарцы.

«Бацька сам працаголік, і іншых вучыць быць такімі ж», — расказваюць пра яго дочкі і ўнукі. А яшчэ ён — галоўны захавальнік цяпла ў доме: спадар Павел пастаянна зачыняе дзверы за ўсімі, хто забывае гэта зрабіць.

Гісторыя япаніста Сяргея і бабулі Клары, якая жыве вышыўкай, верыць у народную медыцыну і робіць сэлфі

Гаспадар гэтага дома — суцэльны пазітыў. На кожны выпадак жыцця ў яго знойдзецца вершаваны радок-пажаданне кшталту: «Кахай, весяліся, танцуй, забудзь пра гады ды гарцуй!».

Гаспадар гэтага дома — суцэльны пазітыў. На кожны выпадак жыцця ў яго знойдзецца вершаваны радок-пажаданне кшталту: «Кахай, весяліся, танцуй, забудзь пра гады ды гарцуй!».

Іванікі разводзяць качак і коз, а яшчэ пчол, мёд якіх хутка разыходзіцца па шматлікіх сваяках. Праўда, калі тут праблем няма, то на птушку раз-пораз палююць лісы і каршакі. Не дапамагаюць нават старанна прадуманыя гаспадаром пудзілы.

У агародзе гаспадароў цэлая калекцыя вось такіх пудзілаў.

У агародзе гаспадароў цэлая калекцыя вось такіх пудзілаў.

Але калі ўсе нашчадкі збіраюцца разам, падчас капання бульбы, на Дзень сям’і ці чарговы юбілей, то дом абыходзяць бокам усе мясцовыя парушальнікі спакою. «Мы любім кампанію», — шчыра прызнаецца Павел Міхайлавіч (гэта ў ім гаворыць былы гарманіст).

Стол Іванікаў заўсёды багаты на разнастайныя стравы. Асабліва добра ў Ніны Аляксандраўны атрымліваюцца пірагі. На вяселле ўнука яна сваімі рукамі пякла каравай.

Стол Іванікаў заўсёды багаты на разнастайныя стравы. Асабліва добра ў Ніны Аляксандраўны атрымліваюцца пірагі. На вяселле ўнука яна сваімі рукамі пякла каравай.

Паколькі гаспадары не любяць самотнасць, то мараць пра папаўненне ў іх сям’і: каб усе ўнукі хутчэй ажаніліся, і род стаў яшчэ больш магутным.

Малая частка сям'і. Іванікі з дачкой, унукам з жонкай і праўнучкай.

Малая частка сям'і. Іванікі з дачкой, унукам з жонкай і праўнучкай.

А яшчэ Іванікі вельмі хочуць ажывіць стары дзедаў матацыкл, на якім некалі ўсе разам выпраўляліся то ў лес, то на рыбу. Каб і праўнукі маглі атрымаць асалоду ад жывапісных мясцін Ваўкавышчыны падчас экскурсіі з ветрыкам.

Вы яшчэ не ўзялі ўдзел у конкурсе «Навучы бабуль рабіць сэлфі»? Самы час. Нагадаем, што аўтар (ці аўтарка) найлепшага фотаздымка атрымае смартфоны Samsung Galaxy A8 і Samsung Galaxy A8+.

Як стаць удзельнікам конкурсу і новым героем публікацый «Нашай Нівы», чытайце тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?