Валянцін Тарас: «Сталася так у нашай гісторыі, што Дзяды зрабіліся нацыянальным сьвятам. Хоць гэта сьвята даўняе, і наш народ яго адзначаў ад веку спрадвеку, але ў найноўшы час так павярнулася, што гэта больш чым памінаньне дзядоў. Гэта нацыянальнае сьвята, зь якім зьвязана і нашыя мары аб незалежнасьці дзяржаўнай, і аб лёсе нашай мовы, і наагул з усёй беларушчынай, з усім тым, што мы ўкладваем у гэты панятак. Такім днём зрабіліся Дзяды.

У тыя славутыя Дзяды 1988-га, калі ўпершыню «чаромху» прымянілі, калі было самае першае вялікае шэсьце, я акурат у гэты дзень вярнуўся з дому творчасьці, зь Піцунды. Ехалі мы з жонкай з аэрапорту на таксі і ўбачылі гэтае шэсьце. Я тады жыў у раёне Зялёнага Лугу, на вуліцы Каліноўскага. Я зразумеў адразу, у чым справа, сказаў жонцы — яжджай адна дахаты, выскачыў з таксоўкі і далучыўся да гэтага шэсьця. Для мяне гэта выйшла, «з карабля на баль»...

Для мяне асабіста Дзяды зьвязаныя яшчэ і з Васілём. Васілём Уладзіміравічам Быкавым. Сёлета ўжо пяць гадоў яго з намі няма. Ён сярод тых дзядоў, памяць якіх мы шануем, якой мы кланяемся да зямлі і чарку падымаем. Вось, сярод гэтых дзядоў цяпер і Васіль Уладзіміравіч Быкаў».

* * *

Валянцін Тарас — партызан, літаратар, сябар Васіля Быкава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?