Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла БелаПАН падрабязнасці захопу заложнікаў у мінскай папраўчай калоніі № 1, што адбыўся 20 лістапада.

Паводле звестак упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС, у 17.10 у пакоі медсястры хірургічнага аддзялення Рэспубліканскай бальніцы папраўчай калоніі № 1 раней судзімы за крадзяжы ўраджэнец Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці 1990 года нараджэння, які знаходзіўся пад следствам на падставе артыкула «Забойства», захапіў у заложнікі медсястру гэтай установы.

Ён прыставіў ёй нож да горла і запатрабаваў аўтамабіль для выезду з тэрыторыі калоніі. Жанчыне, якая спрабавала вырвацца, зламыснік парэзаў рукі.

У МУС патлумачылі, што зняволены на працягу тыдня знаходзіўся ў вышэйназванай установе з дыягназам «рыніт». Характарызаваўся вельмі адмоўна — неўраўнаважаны, схільны да ўцёкаў, з людзьмі паводзіў сябе задзірліва.

Адзін з супрацоўнікаў аховы адразу ж прапанаваў пакінуць сябе ў якасці заложніка замест медработніка.
Злачынца пагадзіўся, але потым нанёс некалькі нажавых раненняў у вобласць шыі, завалодаў наручнікамі афіцэра і надзеў іх яму на рукі.

На месца здарэння неадкладна прыбыло кіраўніцтва дэпартамента па выкананні пакаранняў (ДВП) МУС Беларусі і ўпраўлення ДВП па Мінску і Мінскай воласці, прадстаўнікі пракуратуры Мінскай вобласці і Фрунзенскага раёна сталіцы.

Перамовы са зняволеным праводзілі міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, камандзір спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» Мікалай Карпянкоў. З улікам наяўнай сітуацыі, спалучанай з пагрозай для жыцця супрацоўніка органаў унутраных спраў, абсалютнай неадэкватнасці злачынцы было прынята рашэнне аб яго ліквідацыі.

Як падкрэсліваюць у МУС, увесь гэты час сітуацыя ў ПК‑1 знаходзілася пад кантролем. Установа, «пачынаючы з аддзялення і суседніх палат», працавала ў звычайным рэжыме. Зладжаныя і дакладныя дзеянні праваахоўных органаў дазволілі не дапусціць ахвяраў. Жыццё заложнікаў было выратавана, цяпер іх здароўю нічога не пагражае.

Па гэтым факце праверку праводзіць пракуратура Фрунзенскага раёна Мінска. Як паведамілі БелаПАН у пракуратуры сталіцы, рашэнне аб распачынанні крымінальнай справы будзе прымацца на падставе вынікаў праверкі, якая можа доўжыцца некалькі месяцаў.

Кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў накіравала хадайніцтва аб прадстаўленні афіцэра‑заложніка да дзяржаўнай узнагароды.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0