Блогер Уладзімір Цыгановіч, які вядзе youtube-канал MozgOn, завочна быў асуджаны на 15 сутак арышту за заклікі ў інтэрнэце да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, паведамляе spring96.org

Гутарка ідзе пра сустрэчу-мітынг каля будынка «Белнафтахіма» у Мінску, якая прайшла 25 лютага. Напярэдадні Уладзімір Цыгановіч заклікаў прыйсці туды ўсіх, каго непакоіць пастаяннае павышэнне коштаў на паліва, і задаць пытанні на гэты конт кіраўніцтву канцэрна, што ў выніку атрымалася. На сустрэчу прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек.

Як стала вядома праваабаронцам, неўзабаве блогер атрымаў пратакол па ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён 24 лютага ў сваім тэлеграм-канале заклікаў людзей прыйсці да «Белнафтахіму» без дазволу Мінгарвыканкаму. Суд па гэтай справе прызначылі на 12 сакавіка. 

Калі паплечнікі Уладзіміра прыйшлі ў суд Маскоўскага раёна Мінска, дзе мусіў адбыцца разгляд справы, то даведаліся, што на той дзень былі прызначаны ажно два адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да блогера. Прычым адзін, які вяла суддзя Таццяна Мотыль, ужо скончыўся. Як удакладніў «Вясне» аўтар канала «ДримДим», першы суд хутчэй за ўсё датычыўся заклікаў да іншай акцыі — на МКАД. Але вынікі гэтага суда пакуль засталіся невядомымі.

Другі суд — за «Белнафтахім» — прайшоў вельмі хутка. Суддзя Лідзія Целіца вынесла рашэнне пакараць Уладзіміра Цыгановіча арыштам на 15 сутак. Тэрмін арышту будзе лічыцца з моманту затрымання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0