22 красавіка ў Гістарычнай майстэрні (вул.Сухая, 25) прайшла прэзентацыя кнігі прафесара Захара Шыбекі «Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет».
На прэзентацыі прысутнічалі ў асноўным студэнты.
Па словах аўтара, такую кнігу можна напісаць толькі ў сталым узросце і яна з'яўляецца падсумаваннем ягонага жыццёвага вопыту, падсумаваннем творчай дзейнасці.
«Спачатку я пачаў вывучаць Мінск канца XIX — пачатку XX стагоддзя; другім этапам была больш маштабная, больш шырокая праблема — гэта гарады Беларусі ў другой палове XIX стагоддзя; і нарэшце трэці этап — такі гісторыка-філасофскі падыход — гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет.»
Але гэтым своеасаблівым падсумаваннем не закончаны творчыя задумы, у планы прафесара ўваходзіць напісаць прынамсі яшчэ адну кніжку пра гарады, працоўная назва якой — «Беларускія мары пра Вільню».
Напісанне кнігі «Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет» было выклікана тым, што ў сучасным свеце гарады вызначаюць цяперашняе жыццё людзей і вызначаюць іх будучыню, а можа нават і пазбаўляюць людзей гэтай будучыні.
«Кніга выклікана маёй асабістай нелюбоўю да гораду. Звычайна нейкія новыя творы, кнігі нараджаюцца ў выніку любві - любві да справы, любві да жанчыны. А вось гэта кніга нарадзілася і стала вынікам маёй нелюбві да гораду. Чаму я не люблю горад? Чым больш я вывучаю горад, тым больш ён становіцца для мяне страшным і некамфортным. Ён пажырае маю родную вёску. Рост гораду азначае смерць вёскі.»
Падчас імпрэзы адбылася вельмі жывая і цікавая дыскусія паміж прысутнымі калегамі прафесара, якія нейкім чынам былі датычныя да напісання і выдання новай кнігі, — філосафам Алесем Анціпенкам, кіраўніком выдавецтва ЕГУ Людмілай Малевіч, тэхнічным рэдактарам кнігі Міраславай Шавыркінай і кандыдатам гістарычных навук Андрэем Кіштымавым.
Прафесар Захар Шыбека.
Злева направа: Андрэй Кіштымаў, Міраслава Шавыркіна, Захар Шыбека, Алесь Анціпенка.
Прафесар Захар Шыбека.