26-гадовага Яўгена Харашкевіча затрымалі 19 студзеня ранкам. «Быў мароз, і ён выйшаў раней з хаты, каб прагрэць аўтамабіль. Калі вяртаўся, то ён ішоў наперадзе, а за ім два ці тры чалавекі, не ў кайданках, нічога. Сказаў, што затрымліваюць.

Пазней дома праводзілі ператрус супрацоўнікі ГУБАЗіКа, канфіскавалі камп’ютар. Жэня таксама займаецца страйкболам, то забралі тры аўтаматы і адзін пісталет страйкбольныя. Таксама ён крыху займаецца майнінгам, апісалі відэакарты, але пакінулі дома. Хацелі канфіскаваць грошы і карткі банкаўскія, але пакінулі», — расказваюць знаёмыя.

Ніна і Яўген Харашкевічы

Ніна і Яўген Харашкевічы

Самога Яўгена адразу адвезлі ў Віцебск на допыт у Следчы камітэт, а потым было вырашана пакінуць яго пад вартай. Вобшук праводзіўся ў рамках крымінальнай справы, заведзенай па двух артыкулах. А што стала падставай?

«Гаворка пра абразу Наталлі Петуховай. Яна з вёскі Свяча Бешанковіцкага раёна».

Наталля Петухова спачатку сама вучылася ў Акадэміі МУС, а потым засталася там працаваць выкладчыцай фізічнага выхавання, за час вучобы яна не раз паказвала добрыя вынікі ў бегу.

Яўген Харашэвіч да снежня 2020 года працаваў кіроўцам на Полацкім малочным камбінаце, але потым яму вырашылі не працягваць кантракт. Знаёмы яго кажа, што начальству не спадабалася, калі Харашэвіч вырашыў стаць незалежным назіральнікам на выбарах 9 жніўня. Яму доўга не давалі выхадны, але мужчына знойшоў шлях, як выкруціцца — пайшоў здаў кроў у якасці донара, а на наступны дзень яму прадугледжваўся выхадны. Яўген адразу паехаў у вёску Фарынава Полацкага раёна, адкуль родам, каб там назіраць за выбарамі.

12 жніўня Харашэвіча затрымалі проста на тэрыторыі камбіната, нібыта ён заклікаў людзей ехаць у Мінск падтрымаць пратэсты. Праўда, ужо праз два дні вызвалілі, калі адпускалі ўсіх палітзняволеных, што сядзелі па адміністрацыйных артыкулах. У выніку Яўгена нават апраўдалі па гэтым «правапарушэнні».

За апошнія паўгода Харашэвіча двойчы выклікалі ў Следчы камітэт для дачы паказанняў. Спачатку за бойку з АМАПам, якая была 10 жніўня ў Наваполацку, але Яўген у той дзень быў у камандзіроўцы ў Глыбоцкім раёне. Паказвалі розных людзей, пыталіся, ці пазнае каго. А ў снежні правялі размову адносна «дэструктыўных паведамленняў» у тэлеграме, але не затрымлівалі.

У снежні з’явіўся зліў BYPOL аб людзях, якія знаходзяцца ў распрацоўцы ГУБАЗіКа, сярод іх быў і Яўген Харашэвіч. «Межы закрываліся літаральна праз пару дзён, было зусім мала часу на тое, каб прыняць рашэнне. Ён усё ж вырашыў нікуды не з’язджаць, жонка на той момант была на чацвёртым месяцы цяжарнасці, дый з грашыма не так усё добра».

Прэс-служба МУС паведаміла, што на Харашэвіча выйшлі супрацоўнікі віцебскага ГУБАЗіКа ў рамках «пошуку асобаў з экстрэмісцкімі поглядамі, якія падтрымліваюць прыхільнікаў масавых беспарадкаў».

Усяго па розных палітычна матываваных крымінальных справах у Беларусі праходзяць каля 1000 чалавек, 189 з іх праваабаронцы ўжо афіцыйна прызналі палітвязнямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?