Ілля (злева) і Яўген

Ілля (злева) і Яўген

26-гадовы Ілля — фізік, навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі. Скончыў БДУ. Займаў прызавыя месцы на міжнародных алімпіядах, быў адным з актывістаў клуба Student Network, які арганізоўваў лекцыі і трэнінгі для студэнтаў. Цяпер займаецца даследаваннямі ў галіне квантавай оптыкі.

«Ён вучоны па сваім пакліканні. У той час, калі яго сябры з’язджалі на стажыроўкі ў Еўропу, ён хацеў застацца працаваць тут», — расказвае пра хлопца стрыечная сястра Марына.

Разам з іншымі навукоўцамі Ілля пасля выбараў удзельнічаў у ланцугах салідарнасці, за што цяпер пад асаблівай увагай кіраўніцтва. У сваім профілі на Linkedin ён пакідаў спасылкі на адкрытыя лісты ў абарону калег, што патрапілі пад рэпрэсіі.

Жонка Іллі, Соф'я, таксама фізік, працуе разам з ім.

Яўгену 29 гадоў. Ён выпускнік БДУІРа, працуе інжынерам на дзяржаўным прадпрыемстве. З малодшым братам яны вельмі блізкія. 

«Яны гонар бацькоў. У нас уся сям’я з актыўнай пазіцыяй. Мы з братамі палітычнай сітуацыяй яшчэ з 2010 года цікавіліся. Хлопцы заўсёды былі за справядлівасць, за праўду. Лічаць сваім абавязкам быць на маршах. Смелыя, таму і патрапілі ў рукі АМАПа, проста не захацелі ўцякаць», — дзеліцца стрыечная сястра.

Першы раз братоў затрымалі 15 лістапада падчас маршу на плошчы Перамен. Іллю тады адпусцілі, а Яўгену далі 15 сутак. 

«Цэлы тыдзень ён правёў без перадачы. Калі мы прыйшлі ў чацвер на Акрэсціна, рэчы не ўзялі, сказалі, што Жэні тут ужо няма. А ён там насамрэч сядзеў да суботы, толькі потым яго перавялі ў Баранавічы», — успамінае Марына.

У гэты раз хлопцаў (а з імі яшчэ 14 чалавек) схапілі на дваравым маршы. Суддзі Фрунзенскага раёна Андрэй Млечка і Дзмітрый Лукашэвіч выпісалі ім на дваіх 40 сутак. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?