Адпаведнае меркаванне ў каментары «Палітрынгу» агучыў акадэмічны дырэктар незалежнага Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётра Рудкоўскі.

«Вядома, гэта не ад лёгкага жыцця (сітуацыя падціскае), але заявы аб сыходзе з прэзідэнцтва — гэта не пустое. Гаворка тут не ідзе пра 2021 год, але дзесьці паміж 2022 і 2025 гадамі», — растлумачыў ён.

Больш за тое, звярнуў увагу Рудкоўскі, Лукашэнка збіраецца займець як мінімум дзве падстрахоўкі на выпадак свайго сыходу з пасады кіраўніка дзяржавы.

«Першая: наданне Усебеларускаму народнаму сходу статусу «асноўнага прадстаўнічага органа» — пра гэта быў дадзены выразны намёк. Але тое, што не было сказана, але самой сабой зразумела: у выпадку сыходу з прэзідэнцтва Лукашэнка атрымлівае ключавую пазіцыю ў гэтым органе (напрыклад, пасаду генеральнага сакратара, ці як яны захочуць гэта назваць). Другая: на заканадаўчым узроўні прадухіліць які-небудзь пераслед яго, яго сям'і і ключавых паплечнікаў. Акрамя гэтага, Лукашэнка спадзяецца пакінуць на пасадзе прэзідэнта (а беларускую сістэму — пасля пэўных ваганняў — ён вырашыў пакінуць прэзідэнцкай) надзейную асобу, кагосьці накшталт Такаева ў Казахстане», — указаў ён.

У той жа час Рудкоўскі акцэнтаваў увагу на тым, наколькі Лукашэнку ўдасца ажыццявіць задуманае.

«Гэта будзе нашмат складаней, чым Назарбаеву. Бо ў Назарбаева на момант сыходу быў нашмат лепшы рэйтынг, чым зараз у Лукашэнкі, рэпутацыя ўнутры наменклатуры, бізнэс-колаў, а таксама на міжнароднай арэне ў Назарбаева была ў разы лепшыя», — растлумачыў ён.

Рэзюмуючы, падкрэсліў Рудкоўскі, за размовамі аб сыходзе Лукашэнкі з пасады стаіць «рэальнае жаданне знайсці нейкі найменш затратны для рэпутацыі і бяспечны для далейшага жыцця варыянт, але Лукашэнка не збіраецца адмаўляецца ад удзелу ў кіраванні дзяржавай — ён цвёрда мае намер захаваць большасць рычагоў кіравання».

«Наколькі яму гэта ўдасца — гэта ўжо асобнае пытанне», — канстатаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0