«Нефільтраванае кіно» пачыналася з перадпраглядаў на фестывалі Cіnema Perpetuum Mobіle, што таксама паказваў кароткі метр і рабіўся камандай кінааматараў без дзяржаўнай ці якой іншай буйной падтрымкі. Тут была практыка збірацца і проста без разбору глядзець карціны, пададзеныя на Cіnema Perpetuum у якасці заяўкі — і на гэтых паказах нарадзілася ідэя новага фэсту.

Сёння, вядома, «Няфільтр» прапануе не рандомныя падборкі, а ўсё ж адмыслова сфарміраваныя праграмы, дзе можна сустрэць удзельнікаў Канскага, Венецыянскага ці Берлінскага кінафестываляў, але назва яго застаецца ранейшай.

За мінулыя гады — падзея паўстала пад наглядам юрыста па адукацыі Аляксандра Мартынюка — «Нефільтраванае кіно» стала самай лёгкай і нефармальнай тусоўкай для аўтараў ды гледачоў. Замежныя рэжысёры жылі ў адным месцы, фарміравалі сяброўскія сувязі і часта вярталіся на наступны год. Некаторыя нават прыязджалі ў Беларусь здымаць сваё кіно.

Сёлетняя конкурсная праграма складаецца з секцый анімацыі, дакументалістыкі ды гульнявога кіно. Таксама «Няфільтр» уключае ў сябе падборкі эксперыментальных і «нефільтраваных» карцін, восем беларускіх работ, а яшчэ секцыі «Жанчыны ў кіно», «Усход-Захад» і «Фільмы Кітая». Асобна будзе паказана праграма стужак, адабраных штучным інтэлектам. Апроч фільмаў у раскладзе ёсць выстава зробленых штучным інтэлектам твораў мастацтва, выступ экс-тэатра «EYE» і дыскусія па фем-праграме «Жанчыны ў кіно».

Пераможцы будуць абвешчаны 14 сакавіка. Уваход на мерапрыемствы першага і трэцяга дня «Нефільтраванага кіно» адбываецца па добраахвотных унёсках, квіткі на конкурсныя паказы ў другі дзень фестывалю даступныя ў кінатэатры «Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0