«Кагосьці шакаваў, кагосьці насмяшыў учорашні каментар МЗС на адрас ЗША. Старэйшы сын Уладзіміра Макея лепш за ўсё ацаніў змест тэксту «знарочыста хамаватае ўдальства ніколі не заменіць аргументацыю і стыль, а толькі падкрэсліць пасрэднасць».
Але тут ёсць узровень і глыбейшы, чым пачуццё гумару з адценнямі эфекту Данінга-Кругера. Справа яшчэ і ў тым, што ў сённяшняй атмасферы ўнутры дзяржапарату ўсе ведамствы павінны без перадышкі паказваць свой піянерскі запал. Тармазоў няма, ніхто не адважыцца знутры сказаць, што калегаў заносіць на паваротах — гэта прамы шлях да страты даверу.
Нават больш: правёў тыдзень-два, не паказаўшы сваю самаадданую гатоўнасць мачыць ворагаў — становішся падазроным. Упэўнены, што добрую палову недарэчных крымінальных спраў, арыштаў за няправільныя шкарпэткі і іншых войнаў з антысавецкім падполлем на карцінах у Гродне можна смела спісваць на гэта сацспаборніцтва.
Макей-старэйшы ўжо сёння заявіў, што адрасаты гэтай заявы не толькі за акіянам, але і бліжэй. Абсалютна згодны. Усе адрасаты, або нават адрасат, унутры краіны.