Суды над фігурантамі «пінскай справы» праходзяць з 23 сакавіка. Паводле сьледзтва, пацярпелымі ў справе выступаюць 109 міліцыянтаў.

Як расказала «Свабодзе» мачаха абвінавачанага Алега Рубца Тацяна, на мінулым тыдні ў ходзе судовых паседжаньняў апытвалі каля 70 пацярпелых міліцыянтаў Пінскага РАУС і ГАУС.

«Нават тыя зь іх, хто не атрымаў ніякіх цялесных пашкоджаньняў, выставілі пазовы на суму ад 3 да 5 тысяч рублёў. Былі нават і на 7 і 8 тысяч. Згодна з нашымі падлікамі, агульная сума кампэнсацыі цяпер складае каля 380 тысяч, — расказвае Тацяна Рубец. — Супрацоўнікі матывавалі падобны памер выплат тым, што яны атрымалі маральныя пакуты. У іх таксама парушыўся сон і апэтыт, пачаліся праблемы з суседзямі. Таму некаторыя зь сілавікоў зьехалі зь месцаў свайго сталага пражываньня. Казалі, што яны адчувалі жах, былі абражаныя».

Па словах Тацяны, адзін зь пінскіх міліцыянтаў таксама заявіў, што яму паступала пагроза сэксуальнага характару.

«У чым гэта праяўлялася, нават ня можам выказаць здагадку. Мы вельмі зьдзіўленыя падобнага роду прэтэнзіям», — кажа суразмоўца.

Тацяна дадала, што сёньня, 5 красавіка, паказаньні даюць 21 супрацоўнік Іванаўскага РАУС. Яны, нягледзячы на тое, што таксама атрымалі траўмы, ня маюць да абвінавачаных прэтэнзіяў ні маральных, ні матэрыяльных.

«Яны аказаліся, можа, больш годнымі, калі так можна сказаць, і па-мужчынску ўспрынялі гэтую сытуацыю. Даюць паказаньні менавіта пра тое, што непасрэдна адбывалася 9 жніўня, пра свае дзеяньні і сутыкненьні сілавікоў з пратэстоўцамі. Іванаўскія міліцыянты нікога не апазналі, іх апытваюць проста як удзельнікаў», — дадае Тацяна.

Дзяржабвінаваўца сьцьвярджае, што 9 жніўня 2020 году абвінавачваныя бралі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынку Пінскага райвыканкаму, груба парушылі грамадзкі парадак. Учынілі пагромы, нанесьлі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі — дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагмэнтамі тратуарнай пліткі і бэтонных парапэтных плітаў, бутэлькамі, камянямі, мэталічнымі вырабамі і арматурай. Пасьля чаго наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасьць, якія належалі міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.

Прысуд 14 пінчукам маюць абвясьціць 9 красавіка. Усім ім пасьля падзей у Пінску 9-10 жніўня выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Удзел у масавых беспарадках). Падсудным пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Віны, па словах Тацяны Рубец, не прызналі Станіслаў Міхайлаў, Ігар Салавей, Данііл Богнат і Аляксандар Цярэшка. Усе астатнія прызналі часткова. Яны сьцьвярджаюць, што толькі знаходзіліся ў месцы сутыкненьняў, аднак гвалтоўных дзеяньняў у бок сілавікоў ніхто зь іх не рабіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0