gp.by
Пракурор Дзяніс Мікушаў выказаўся, што віна чатырох жыхароў Гомеля даказана цалкам. Ён запатрабаваў пакараць Юрыя Уласава — 6 з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна — 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Таццяну Канеўскую — 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Адвакаты ў сваіх выступах зазначалі, што няма канкрэтных доказаў віны іх падабаронных, абвінавачанне грунтуецца на домыслах, агульных фразах і на відэа, з якога вынікае толькі тое, што 5 жніўня давераныя асобы былі на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і абмяркоўвалі розныя варыянты развіцця падзей 9 жніўня і пасля выбараў.
Адвакаты звярталі ўвагу, што няма доказаў абвінавачання ў частцы таго, што абвінавачаныя «спрабавалі вербаваць былых сілавікоў», «планавалі захапіць адміністрацыйныя будынкі». Калі яны размаўлялі з Ціханоўскай пра грошы, то гаворка ішла пра фінансаванне цалкам легальнага пікету, запланаванага на 7 жніўня.
Таццяна Канеўская ў апошнім слове дзякавала ўсім людзям, якія пісалі ёй лісты, у тым ліку з-за мяжы. Яна атрымала каля тысячы лістоў. Яна казала, што ў яе дзеяннях няма складу злачынства, ніхто не планаваў захоп будынкаў, а справа — палітычна матываваная і не абгрунтаваная доказамі. Канеўская пажадала суддзі «сілы, мужнасці і цярпення», каб вынесці справядлівы прысуд.
Юрый Уласаў у апошнім слове казаў, што ўсе яго дзеянні не былі злачынствам, а былі накіраваныя толькі на карысць народу.
Прысуд будзе агучаны 3 мая.