Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Фінляндыя славіцца адной з найлепшых у свеце сістэм адукацыі. Ужо ў 15 гадоў фінскія падлеткі паказваюць на міжнародных тэстах вышэйшыя за сярэднія вынікі па розных прадметах. Аднак як толькі фіны заканчваюць школу, іх адукацыя часта спыняецца на нявызначаны тэрмін.

У многіх краінах таленавітыя выпускнікі пасля школы адразу ж працягваюць навучанне ва ўніверсітэце. Аднак у Фінляндыі такую магчымасць маюць толькі каля 20% падлеткаў, піша The Economist.

Адна з прычын — строгі адбор у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Каб паступіць ва ўніверсітэт, абітурыентам неабходна здаваць уступныя экзамены ў дадатак да выпускных тэстаў у школе. Часта выпускнікам не ўдаецца паспяхова справіцца з рознымі іспытамі адначасова і ў школе, і ва ўніверсітэце. Таму большасць месцаў у вышэйшых навучальных установах займаюць абітурыенты, якія скончылі школу некалькі гадоў таму і мелі час на падрыхтоўку да ўніверсітэта.

Да таго ж унутраныя экзамены перашкаджаюць фінам падаваць дакументы ў розныя месцы. Атрымліваецца, што запасных варыянтаў у абітурыентаў няма, таму таленавітыя кандыдаты, якія не змаглі паступіць у самыя прэстыжныя ўніверсітэты, часта застаюцца зусім без месца.

Таму шмат таленавітай фінскай моладзі пасля школы страчвае некалькі незапланаваных гадоў. Гэта, у сваю чаргу, адлюстроўваецца на фінскай эканоміцы. Насельніцтва Фінляндыі старэе хутчэй, чым у іншых краінах Еўропы. Таму фіны не могуць дазволіць сабе, каб амбіцыйная моладзь страчвала некалькі гадоў да паступлення ва ўніверсітэт, бо кожнае пятае працоўнае месца ў Фінляндыі займае чалавек, навыкі якога не да канца адпавядаюць патрабаванням працадаўцы.

Фінскі ўрад спрабуе вырашыць гэту праблему. Летась універсітэтам дазволілі прымаць прынамсі палову абітурыентаў выключна на аснове іх адзнак у школе. Многім кандыдатам усё так жа даводзіцца здаваць іспыты, але цяпер іх значна менш. Мяркуецца, што такія рэформы дапамогуць знізіць узрост, з якога большасць студэнтаў пачынае вучыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0