Сёння ў Ленінскім судзе Мінска разгледзелі справы затрыманых мінчукоў. Юрыя Ланкевіча і Анастасію Вайтовіч затрымалі ўчора ўвечары на плошчы Свабоды. У РУУСе на іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні шляхам «выкрыквання правакацыйных лозунгаў каля праезнай часткі».

На судзе Анастасія распавяла, што прыйшла да касцёла на плошчы Свабоды, каб паставіць свечку. Але касцёл ужо быў зачынены, таму дзяўчына пастаяла некалькі хвілін каля яго і збіралася сыходзіць. Але ў гэты момант да яе падышоў супрацоўнік АМАПа і папрасіў паказаць дакументы, пасля чаго ёй «прапанавалі» праехаць у РУУС.

Суддзя Юлія Шут палічыла жаданне паставіць свечку несанкцыянаванай акцыяй і арыштавала Анастасію на 15 сутак.

35-гадовага навуковага супрацоўніка Акадэміі навук Юрыя Ланкевіча затрымалі напярэдадні перадабароны яго кандыдацкай. Са словаў навукоўца, перад затрыманнем ён курыў на прыпынку на плошчы Свабоды. Каля 20:30 да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі паказаць заплечнік, у якім знайшлі лампадку. Гэта стала прычынай яго затрымання.

Юрыя арыштавалі на 15 сутак.

У канцы Юрый звярнуўся да сведкі-міліцыянера:

— Вы разумееце, сведка, што сваімі паказаннямі вы ставіце пад пагрозу маю працу ў Акадэміі навук, перадабарону і абарону кандыдацкай? Справа цяпер не ў 15 сутках, вы гэта разумееце?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0