Станіслаў Князеў — ураджэнец Новасібірска, выпускнік школы КДБ СССР і Акадэміі ФСБ Расіі, які ў пачатку 2000-х быў першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Цяпер ён выкладчык у Акадэміі кіравання.

«Беларусь — апошняе незамкнутае звяно ў санітарным кардоне вакол Расіі. Чаму Расіі? Бо прыродныя рэсурсы. Яшчэ Маргарэт Тэтчэр у свой час казала: чаму гэта Расія адна карыстаецца сваімі прыроднымі рэсурсамі, а астатнім іх прадае? У нас агульная планета [смяецца]», — сказаў Князеў.

Насамрэч, Маргарэт Тэтчэр ніколі такога не казала.

Падобную цытату, укінутую крамлёўскімі тролямі на інтэрнэт-форумах, часам прыпісваюць Мадлен Олбрайт.

У чэрвені 2015 года сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў у інтэрв'ю «Коммерсанту» заявіў: «Вы, напэўна, памятаеце выказванне экс-дзяржсакратара ЗША Мадлен Олбрайт, што Расіі не належыць ні Далёкі Усход, ні Сібір».

Олбрайт ніколі такога не казала, фразу ўпершыню вымавіў генерал федэральнай службы аховы ў адстаўцы, «экстрасэнс» Барыс Ратнікаў. Ён тлумачыў, што падчас падключэння да падсвядомасці дзяржсакратара выявіў «паталагічную нянавісць да славян» і жаданне прысвоіць Сібір. Нягледзячы на відавочную фэйкавасць, на гэтую фразу спасылаўся не толькі Патрушаў, але і Уладзімір Пуцін.

А Тэтчэр часта прыпісваюць цытату «пра 15 мільёнаў рускіх»: «Паводле ацэнак сусветнай супольнасці, эканамічна мэтазгодна пражыванне на тэрыторыі Расіі толькі 15 мільёнаў чалавек».

Гэта таксама фэйк. Упершыню гэтыя словы з'яўляюцца ў 1997 годзе і адразу на рускай мове, без спасылкі на англійскі арыгінал. Іх прыводзіць публіцыст Андрэй Паршаў у сваёй кнізе «Чаму Расія не Амерыка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0