Фота: Кацярына Гардзеева, Tut.by

Фота: Кацярына Гардзеева, Tut.by

Пра гэта распавёў на сваёй старонцы ў Facebook старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Старадаўні будынак некалькі гадоў таму выкупілі бізнэсоўцы з Расіі, аднак па рашэнні суда сядзібу было вырашана канфіскаваць ва ўласнікаў, піша Tut.by.

Вялікі палац у Жалудку быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя паводле праекту архітэктара Уладзіслава Марконі ў стылі мадэрн на замову князёў Святаполк-Чацвярцінскіх. У 1939 годзе ім прыйшлося спешна пакідаць свае ўладанні. У сядзібе ж падчас Другой сусветнай вайны быў нямецкі шпіталь, потым палац перадалі савецкім вайскоўцам, і тут размяшчалася частка супрацьпаветранай абароны. Да 1983 года амаль увесь гарнізон перасялілі ў новыя казармы непадалёк. На тэрыторыі заставаліся толькі тэхнічныя службы.

У 1992 годзе вайсковая частка была расфармаваная. Сядзібны комплекс перадалі аднаму з падраздзяленняў Акадэміі навук, які займаўся пытаннямі механізацыі сельскай гаспадаркі. Больш за 20 гадоў палац пуставаў, тут здымалі фільмы, сюды прыязджалі турысты, а вялікі сядзібны дом паступова раскрадалі. Менавіта за апошнія два дзесяцігоддзі маёнтак больш за ўсё і разбурыўся.

У 2014 годзе старадаўні будынак за амаль 90 тысяч даляраў выкупіла сям'я Гаўрылавых з Расіі, якая займаецца турызмам: валодае фірмай у Маскве і гатэлем у Рызе.

Новыя гаспадары планавалі зрабіць у беларускай сядзібе музей і гасцініцу. Ва ўмовах аўкцыёну не было абмежаванняў па часе ўвядзення ў эксплуатацыю сядзібы. Адзіная ўмова — гэта ахоўныя абавязальніцтвы: усе работы павінны ўзгадняцца з Мінкультам.

За час, які мінуў ад куплі, уладальнікі расчысцілі зарослы старадаўні парк, правялі кансервацыйныя працы. У 2018 годзе паправілі частку даху: у дождж другі паверх будынка залівала. Таксама Гаўрылавы зарэгістравалі фонд, на рахункі якога можна было пералічыць грошы на рэстаўрацыю сядзібы. Планавалася, што, калі палац адрэстаўруюць, трапіць у яго ўсе ахвотныя змогуць бясплатна, да гэтага ўваход на тэрыторыю маёнтка каштаваў 4 рублі.

— Грошы ідуць на афармленне дакументаў — гэта аказалася дорага і няхутка, — распавядала Tut.by у 2019 годзе гаспадыня сядзібы Соф'я Гаўрылава. — Мы робім, што можам. Мы проста хацелі яго [палац] выратаваць.

Аднак з такімі тэмпамі работ у сядзібе не пагадзіліся ў пракуратуры: спачатку прынялі рашэнне аб абмежаванні наведвання будынка з-за яго аварыйнага стану.

— Калі ў нас забяруць сядзібу, шкада не будзе. Разумееце, яна была ў значна горшым стане, чым цяпер. І вельмі складана працаваць, калі ўвесь час знаходзішся пад прэсам: забяруць — не забяруць. Укладаць сюды вялікія грошы? А заўтра палац будзе не наш? — казала Соф'я.

Паводле інфармацыі Уладзіміра Караніка, 30 верасня 2020 года суд Шчучынскага раёна, пастанавіў канфіскаваць ва ўласніка гісторыка-культурную каштоўнасць «Комплекс былога палаца: палац, флігель, кузня, гаспадарчыя пабудовы, рэшткі былога парку» ў Жалудку. Рашэнне не было абскарджана і апратэставана і ўступіла ў законную сілу 10 лістапада 2020 года.

Цяпер плануюць ацаніць комплекс былога палаца і выставіць яго на аўкцыён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0