Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам узняў тэму магчымых еўрапейскіх санкцый. Яго заявы апублікаваў тэлеграм-канал «Пул Першага».
— Асабліва еўрапейцы шчыруюць у гэтым. Я не буду тут распаўсюджвацца, выказваць нейкія думкі, проста скажу, каб вы разумелі: калі еўрапейцы хочуць праблем у сябе ў сувязі з гэтымі санкцыямі, яны іх атрымаюць. Больш нічога не буду казаць. Час пакажа. Але вас папрашу, як гэта было перад амерыканскім гэтым выпяндрожам у эканоміцы, дайце мне інфармацыю аб найбольш буйных еўрапейскіх праектах у нас і прадпрыемствах, якія створаны на тэрыторыі Беларусі: паглядзім на іх працу.
Прэм'ер-міністр заўважыў, што некаторыя меры ў адказ беларускія ўлады ўжо распачалі.
— Правільна, правільна, я бачу. Але гэта толькі пачатак, — адказаў Лукашэнка.
Таксама ён паставіў ураду задачу разам з МЗС паглядзець на дзейнасць у Беларусі па заходніх гуманітарных праграмах.
— Гэтыя некамерцыйныя арганізацыі, замежныя агенты, рознага роду бандыты, якія ладзяць тут абдзіралаўку ды іншае. Я даручаў кіраўніку Адміністрацыі, вы Сяргеенку перадайце, што я на кантролі гэта трымаю. Мы дамаўляліся аб перарэгістрацыі і гэтых арганізацый, і сродкаў масавай інфармацыі, — нагадаў ён. — А то яны нас трымаюць на кароткім ланцужку і пачынаюць пастаянна, калі гэта ім захочацца, тузаць. Выгадна, нявыгадна — яны ўжо, я бачу, пра гэта не думаюць. Ну, не думаюць — добра, будуць у Расію ездзіць праз… будуць хадзіць па Балтыцы, перавозіць грузы, і вакол Іспаніі — у Міжземнае мора і праз Чорнае мора, калі ім дрэнна з нармальнай Беларуссю ў цэнтры Еўропы.
30 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №128 «Аб прымяненні спецыяльных мер», якім прадугледжваецца ўвядзенне забароны на ўвоз на тэрыторыю Беларусі і рэалізацыю на яе тэрыторыі тавараў, краінай паходжання якіх з'яўляюцца дзяржава, якая ўжыла санкцыі ў дачыненні да беларускіх кампаній або фізічных асоб.
У канцы красавіка ўрад Беларусі ўвёў санкцыйныя меры і забараніў на паўгода ўвоз на тэрыторыю краіны прадукцыі кампаній Skoda Auto, Liqui Moly і Beiersdorf «для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў, з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа». Гэтыя санкцыі ўдараць перадусім па расійскіх заводах гэтых кампаній і іх беларускіх дылерах.