Па словах прадстаўніка Крамля, у пятніцу былі афіцыйныя перамовы лідараў, а ў суботу — нефармальная частка.
Пяскоў паведаміў, што другі транш крэдыту ад Расіі у $500 млн з 1,5 млрд Мінск атрымае найбліжэйшым часам, да канца чэрвеня, ніякіх перашкод няма, усё ўзгоднена.
Пяскоў паведаміў, што тэму пераходу да адзінай валюты Пуцін і Лукашэнка ў Сочы не закраналі. Лукашэнка не ставіў пытанне аб дадатковай эканамічнай дапамозе Беларусі.
Высновы еўрапейскіх краін па інцыдэнце з самалётам Ryanair заснаваныя выключна на эмоцыях, а не на спробе растлумачыць абставіны. З пункту гледжання Масквы сітуацыя патрабуе ўдумлівага і канструктыўнага разгляду, заявіў Пяскоў.
Пуцін і Лукашэнка даручылі Міністэрствам транспарту дзвюх краін «арганізаваць усе аспекты паветраных зносін».
«Мінтрансам дзвюх краін — Расіі і Беларусі — дадзена даручэнне арганізаваць усе аспекты паветраных зносін, у тым ліку з улікам надыходзячага перыяду адпачынкаў і з улікам вялікай колькасці грамадзян Беларусі, якія хочуць прыехаць на Чарнаморскае ўзбярэжжа Расіі, а таксама, што немалаважна, з улікам таго, што вялікай колькасці грамадзян Беларусі трэба будзе неяк вяртацца на сваю радзіму», — сказаў прадстаўнік Крамля.
«Абмяркоўваліся пытанні арганізацыі паветранага руху з улікам рашэння еўрапейскіх уладаў, многіх авіякампаній, якія перасталі лятаць праз паветраную прастору, з улікам таго, што «Белавія» больш нежаданы госць у еўрапейскіх гарадах», — адзначыў прадстаўнік Крамля.
Расійскі лідар падняў пытанне затрыманай у Мінску грамадзянкі Расіі Сапега, яе лёс Маскве неабыякавы. Ён даручыў МЗС Расіі самым уважлівым чынам адсочваць справу расіянкі.