На фоне супярэчлівых заяў некалькіх зацікаўленых урадаў і неактыўнага супрацоўніцтва ў расследаванні авіякампаніі Ryanair польскія і літоўскія следчыя яшчэ не расшыфравалі інфармацыю, што захоўваецца ў чорнай скрыні самалёта, паведамляе The Wall Street Journal.

У чорнай скрыні мусяць захоўвацца звесткі, важныя для правільнага разумення таго, што адбылося 23 мая у паветранай прасторы Беларусі. Аднак палітычны характар інцыдэнту значна ўскладняе расследаванне.

«Большасць расследаванняў пачынаецца з вызначэння таго, што павінна было адбыцца, а затым вывучаецца, што адбылося», — сцвярджае Конар Нолан, кіраўнік Фонду бяспекі палётаў у Вірджыніі. «У гэтым выпадку складана зразумець, што павінна было адбыцца, бо незразумела, наколькі праўдзівымі з’яўляюцца зыходныя звесткі», — дадае эксперт.

Літва і Польшча яшчэ не вырашылі, куды яны дашлюць чорную скрыню для аналізу, бо шукаюць краіну, якая не будзе палітычна перадузятай.

Да гэтага часу дакладна невядома, што адбылося паміж беларускімі ўладамі і пілотамі Ryanair. Сітуацыю ўскладняе датычнасць да гэтага інцыдэнту некалькіх дзяржаў. Самалёт належыць ірландскай кампаніі, але зарэгістраваны ў Польшчы. Згодна з правіламі, якія рэгулююць міжнародныя авіяцыйныя расследаванні, гэта значыць, што расследаванне мусіць узначаліць Польшча.

У расследаванні таксама маюць права браць удзел Грэцыя, Ірландыя, Літва і следчыя з любой краіны, грамадзяне якой знаходзіліся на борце Ryanair у той дзень. ФБР удзельнічае ў расследаванні, бо ў самалёце знаходзіліся грамадзяне ЗША.

Літва і Польшча толькі на гэтым тыдні вырашаць, куды дасылаць дыктафоны з чорнай скрыні. Ніводная з гэтых краін не валодае тэхнічнымі магчымасцямі для правядзення аналізу.

Кіраўнік Літоўскага бюро крымінальнай паліцыі заявіў, што расчараваны супрацоўніцтвам Ryanair у расследаванні. «Супрацоўніцтва працягваецца, але мы лічым, што яно магло б быць хутчэйшым і інтэнсіўнейшым», — адзначае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0