З 19 па 31 мая ў Савецкім раёне Гомеля адключалі гарачую ваду. Пасля праверкі цеплаправодаў ваду ўключылі, але два дні ў рэдакцыю паступаюць скаргі ад мясцовых жыхароў.

Аляксандр жыве на праспекце Кастрычніка. Ён распавёў, што вада з'явілася ў панядзелак: з крана цякла брудная, але адразу пасля адключэння такое бывае і гэтаму ніхто значэння не надаў. Аднак ні на наступны, ні праз дзень сітуацыя не памянялася. Мужчына звяртаўся да дыспетчараў «Гомельводаканал», але дагэтуль не ведае, калі дома вада будзе чыстай.

— Вада не іржавая, што бывае звычайна, а чорная, як з часцінкамі торфу, яны вельмі дробныя і бачныя на белым. На трэці дзень становіцца зразумела, што гэта не норма і не мясцовая праблема: у нас рамонтных работ побач ніякіх не вялі. У «Водаканале» мне сказалі, што ўсё з-за аварыі на вадаводзе, але з гэтым разбіраюцца ці то дзве, ці то тры брыгады, ліквідуюць яны павольна, і да нас яшчэ, напэўна, не дайшлі. Параілі пацярпець і купляць ваду. У нас ёсць аўтаматы, мы купляем бутыляваную ваду там і гатуем ежу на ёй. Але праць бялізну не вельмі прыемна гэтай вадой. І самае дрэннае, што нідзе ні слова пра гэта не напісана, — на сайце я не знайшоў ніякай інфармацыі пра аварыю.

Аналагічная сітуацыя і на Шведскай горцы. «Вось такая вада ў 59-м мікрараёне з гарачага і халоднага крана ідзе ўжо два дні. У водаканале кажуць: аварыя, карыстацца вадой нельга», — напісаў у рэдакцыю мясцовы жыхар Аляксей.

Яшчэ адзін гамяльчук Антон з вуліцы Пенязькова распавядае, што першы дзень таксама «трывалі», а далей сталі тэлефанаваць камунальнікам. Там адказалі: аварыя, нічога зрабіць пакуль не можам.

— Што гарачая, што халодная — карычневая, з цёмным асадкам. Калі зачыніць зліў ў ванне і набраць вады, яна цалкам чорная, дна не бачна. Ні памыцца, ні папіць, ні пачысціць зубы. У нас стаіць фільтр, яго трэба звычайна мяняць раз у год, а такая вада яго моцна псуе. У чаце дома людзі пішуць тое самае.

Фільтр паставілі перад адключэннем вады.

Мужчына абураны, што гарадскія службы не арганізавалі падвоз пітной вады ў раён.

— Хоць бы падвоз зрабілі, як у Мінску. У нас ніхто нічога не робіць! У аўторак нам казалі, што ў чацвер крайні тэрмін, калі ўсё павінны наладзіць. Сёння з раніцы тэлефануем, ужо адказваюць, што не ведаюць, калі пойдзе чыстая вада. Мы папярэдзілі, што будзем пісаць калектыўны зварот у гарвыканкам і аблвыканкам. Яны адказалі: «Пішыце куды хочаце — мы нічога зрабіць не можам, калі гэта скончыцца, не ведаем».

З вуліцы Багдана Хмяльніцкага таксама паступаюць скаргі. Як распавядае Кацярына з дома № 118, напярэдадні ўключэння з кранаў цякла вельмі іржавая халодная вада. Ноччу далі гарачую.

— Яна ішла з карычневым асадкам, як быццам мазута нейкая. Я тэлефанавала ў 115, яны сказалі, што перададуць інфармацыю ў домакіраўніцтва і будуць разбірацца раніцай. Назаўтра ў домакіраўніцтве сказалі, што гэта не іх віна. Я зноў стала набіраць у 115 — там адказалі: трымайцеся, купляйце ваду — тую, што з-пад крана, піць нельга. Але вы ўяўляеце, колькі трэба вады? У мяне маленькае дзіця.

Дзяўчына адзначае, у аўторак паабяцалі да вечара разабрацца, раніцай у сераду яна сапраўды была чыстай. Але ўчора днём Кацярына зноў у вадкасці заўважыла чорны асадак.

— Сёння з раніцы вада зноў такая светла-шэрая, а ўчора ўвечары быў асадак, як быццам пясок або іржа нейкая. Гэтыя дні я ездзіла да сваякоў з каністрамі і бутэлькамі, каб набраць ваду для гатавання, а пітную мы купляем. Учора вада была шараватай, дзіця пачысціла зубы, і сёння з раніцы ў яго ваніты. Я не ведаю, ці гэта ён на пляцоўцы дзесьці інфекцыю падчапіў, ці гэта з-за вады. Зараз чакаем лекара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0