Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Даследчыкі будуць вывучаць у межах праекта ўплыў безумоўнага базавага даходу на жыццё чалавека. Заяўку на ўдзел у даследаванні мог падаць любы паўналетні жыхар Нямеччыны, незалежна ад узроўню даходу, адукацыі і сацыяльнага становішча, піша Der Spiegel.

Даследчыкі адабралі з 2 мільёнаў ахвотных 122 чалавекі, кожны з якіх за тры гады агулам атрымае 43 200 еўра — падатак з гэтых грошай удзельнікі плаціць не будуць. За гэта валанцёрам трэба будзе рэгулярна паведамляць пра змены ў жыцці, пра свае звычкі і эмацыйны стан. Для гэтага за тры гады ўдзельнікам трэба будзе сем разоў запоўніць анкету. Такія ж анкеты будуць запаўняць 1380 чалавек з кантрольнай групы, якім не будуць плаціць.

Такім чынам аўтары даследавання спадзяюцца вывучыць, які ўплыў можа мець безумоўны базавы даход на нямецкае грамадства. Даследчыкаў цікавіць, як будзе паводзіць сябе і што будзе адчуваць чалавек, якому не трэба нічога рабіць, каб зарабляць на жыццё. Адны лічаць, што людзі будуць увесь час марнаваць на прагляд тэлевізара і есці фастфуд, а іншыя перакананыя, што ў людзей з’явіцца магчымасць заняцца тым, што іх насамрэч цікавіць, без страху застацца без фінансавых сродкаў.

«Дыскусія наконт таго, як паўплывае на грамадства наяўнасць у людзей безумоўнага базавага даходу, заснаваная толькі на перакананнях. Мы хочам зрабіць яе рэалістычнай і абапірацца на навуковыя звесткі», — тлумачаць арганізатары праекта на сваім сайце.

Падчас даследавання аўтары хочуць даведацца, як адаб'ецца адсутнасць неабходнасці працаваць на эмацыйным стане ўдзельнікаў. Плануецца, што ў валанцёраў тройчы возьмуць пробу валасоў, каб вызначыць узровень картызолу, гармону стрэсу, у арганізме.

Суму, якую будуць атрымліваць валанцёры, была разлічаная з пражытковага мінімуму і кошту спажывецкага кошыку ў Германіі. Праект фінансуецца з прыватных ахвяраванняў берлінскай грамадскай арганізацыі Mein Grundeinkommen e.V., якая каардынуе даследаванне. Партнёрамі праекта сталі аўтарытэтныя навуковыя арганізацыі Германіі, сярод якіх Інстытут нямецкай эканомікі, Кёльнскі ўніверсітэт і Таварыства Макса Планка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0