З польскага боку пункту пропуску «Баброўнікі-Бераставіца» сабралося некалькі дзясяткаў чалавек, паведамляе партал Hrodna.life.

Яны разгарнулі бела-чырвона-белыя сцягі, узнялі плакаты. Пасля пачалі хадзіць туды-сюды па пешаходным пераходзе, блакуючы рух, але з перапынкамі. Такім чынам, кіроўцы ўсё ж праязджалі.

Пікетоўцы арганізавалі і прэс-канферэнцыю, на якой выступіў Павел Латушка. Ён распавёў, што праз прадстаўніка памежнай службы Польшчы перадаў патрабаванні ад удзельнікаў акцыі да беларускага боку: скасаваць абмежаванні на перасячэнне дзяржаўнай мяжы Беларусі. Раней Латушка адзначаў, што другая мэта гэтай акцыі пратэсту — сказаць Бруселю, што хопіць слоў «заклапочанасці», «глыбокай заклапочанасці» і «вельмі глыбокай заклапочанасці».

За гэтым назірала польская паліцыя, але ў падзеі не ўмешвалася, бо акцыя была ўзгодненая з уладамі.

Як паведамляе «Белсат», падобная акцыя прайшла і на літоўскай мяжы, побач з пунктам пропуску «Мядзінінкай — Каменны Лог».

Удзельнікі акцыі хацелі блакаваць рух, аднак зрабіць гэта не дазволіла паліцыя.

Межы Беларусі закрытыя на выезд па зямлі з 21 снежня 2020 года. Па афіцыйнай версіі — з нагоды каранавіруса. Грамадзяне Беларусі для выезду за мяжу наземным транспартам павінны мець працоўныя дамовы ці пэўныя прычыны (падрабязней тут). Пры гэтым на вылет з Беларусі гэтыя патрабаванні не распаўсюджваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0