Фота The Reuters

Фота The Reuters

Праваахоўныя органы з 17 краін у межах спецаперацыі «Траянскі шчыт», распачатай у 2018 годзе, затрымалі больш за 800 удзельнікаў злачынных груповак у Аўстраліі, Азіі, Паўднёвай Амерыцы і на Блізкім Усходзе, піша ABC News.

У выніку вобшукаў у злачынцаў агулам канфіскавалі 8 тон какаіну, 22 тоны марыхуаны, 2 тоны амфетаміну, 55 раскошных аўтамабіля і больш за 45 мільёнаў даляраў у розных сусветных валютах і крыптавалютах. Найбліжэйшыя дні аперацыя будзе працягвацца, таму колькасць затрыманых можа павялічыцца.

Аперацыя скончылася паспяхова дзякуючы распаўсюджванню больш за 12 тысяч мабільных тэлефонаў з праграмай Anom, якое дазваляе злачынцам абменьвацца зашыфраванымі паведамленнямі. Праграму з самага пачатку кантралявала ФБР. Тэлефоны ўдалося распаўсюдзіць сярод злачынных груповак, у выніку чаго яны трапілі ў рукі членаў італьянскай мафіі, наркакартэляў, азіяцкіх трыяд, албанскай мафіі.

Тэлефоны прадаваліся на чорным рынку. Каб набыць такі тэлефон, чалавек павінен быў ведаць некага, у каго ўжо была такая прылада. Тэлефоны можна было выкарыстоўваць выключна для абмену паведамленнямі ў праграме Anom.

На распаўсюджванне праграмы паўплывала тое, што праваахоўныя органы апошнія гады закрылі сэрвісы абмену зашыфраванымі паведамленнямі EncroChat і Sky ECC. Пасля закрыцця гэтых папулярных у злачынных колах праграм многія групоўкі шукалі замену, якім і стаў Anom.

«Некаторыя з найлепшых ідэй прыходзяць за парай келіхаў піва», — заявіў на прэс-канферэнцыі камісар федэральнай паліцыі Аўстраліі Рыс Кершоу.

Каб падштурхнуць злачынцаў карыстацца праграмай, паліцыя Аўстраліі выкарыстоўвала агента пад прыкрыццём, кім стаў гандляр наркотыкамі Хакан Аік. Ён пачаў раздаваць тэлефоны сярод знаёмых як бяспечны сродак сувязі. Затым многія крымінальныя аўтарытэты паручыліся за праграму і гарантавалі яе бяспеку, што паспрыяла яе папулярнасці.

У праграме злачынцы адкрыта абмяркоўвалі наркотыкі і планавалі злачынствы. Перахопліванне паведамленняў дазволіла прадухіліць не адно злачынства — толькі ў Аўстраліі праваахоўныя органы перашкодзілі здзейсніць 21 злачынства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0