Прэмію LUX European Audience Award за 2021 год атрымаў фільм «Калектыў» (рэжысёр Аляксандр Нанаў). Другое месца заняў фільм «Божае Цела» Яна Камасы.

Барташ Бяленя, які сыграў у «Божым целе» галоўную ролю крымінальніка Даніэля, які выдаваў сябе за святара Патрыка, атрымліваючы ўзнагароду, прысвяціў свой выступ Беларусі, піша Радыё Свабода.

— Я з Польшчы [акцёр нарадзіўся і вучыўся ў Беластоку]. Польшча знаходзіцца на мяжы ЕС і Беларусі. За гэтай мяжой катавалі людзей. Што я магу зрабіць сёння, дык гэта далучыць свой голас салідарнасці да Яны Шостак, — сказаў ён.

Затым ён стаў крычаць. Дэпутаты сустрэлі гэта апладысментамі.

— «Няхай жыве Беларусь!» — выгукнуў ён у канцы.

Беларуская мастачка з Гродна Яна Шостак жыве ў Польшчы. Яна запачаткавала перформансы-крыкі, якія называе «крыкатэрапіяй». Мастачка хвілінамі з усяе сілы крычыць у розных гарадах, каб прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі. 

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0