У інтэрвію «Свабодзе» ён расказаў пра абставіны звальненьня ня толькі яго, але і шэрагу кіраўнікоў мэдычных установаў Беларусі, выказаў здагадку, хто з высокіх урадоўцаў прымае рашэньне пра гэта, і расказаў пра падрыхтаваныя «сьпісы лекараў, якія не даспадобы» — кандыдатаў на звальненьне.

«За ўсе гэтыя гады ў мэдыцыне ніколі ня думаў пра тое, каб зьехаць з краіны»

— Беларускія пацыенты страцілі яшчэ аднаго вядомага лекара высокай кваліфікацыі. Што паўплывала на рашэньне пераехаць у іншую краіну? Ці была пасьля звальненьня магчымасьць працаваць у Беларусі паводле спэцыяльнасьці?

— У мяне фактычна першы дзень працы ва Ўкраіне. Я ўладкаваўся ў шматпрофільную прыватную клініку Odrex у Адэсе, працую анэстэзіёлягам-рэаніматолягам. На жаль, мая родная краіна мяне не прыняла ў якасьці анэстэзіёляга-рэаніматоляга. Калі мяне звальнялі, было сказана, каб я не шукаў працу ў дзяржаўных мэдычных установах Беларусі. Па змаўчаньні, у прыватных цэнтрах нібыта мог працаваць. Але з прыватнымі мэдычнымі ўстановамі праблема — яны баяцца браць на працу звольненых лекараў. Я меў гутаркі ў прыватных клініках, і вялікі дзякуй ім за гэта. Яны прапаноўвалі вельмі невысокую заработную плату, якая мяне катэгарычна не задавальняла. Я думаю, што яны запрашалі мяне, каб зрабіць сабе плюсік у карму на будучыню, але агучвалі такія лічбы заробку, каб я адмовіўся.

Мне 48 гадоў, я пачаў працаваць у мэдыцыне з 1989 году. Адразу не атрымалася паступіць у мэдычны інстытут, і год працаваў санітарам, потым паступіў, падчас вучобы працаваў мэдбратам. Скончыў інстытут па спэцыяльнасьці артапэд-рэўматоляг, але праз год пераспэцыялізаваўся ў анэстэзіёляга-рэаніматоляга, бо гэтая праца больш падабалася. Цяпер шкадую, дарэчы. Бо праца артапэда ня менш цікавая, я гэтага не разумеў, калі быў маладым доктарам.

За ўсе гэтыя гады ў мэдыцыне я ніколі ня думаў пра тое, каб зьехаць з краіны. Сям’я, на жаль, засталася ў Беларусі, пакуль у іх няма магчымасьці пераехаць. Калі мяне запрашалі, меркавалася, што я магу прыехаць зь сямʼёй. Але так склаліся абставіны, што ня можам мы ўсе разам быць.

«Ня толькі мяне пазбавілі працы. У адзін дзень са мной звальнялася 4 ці 5 галоўных лекараў»

— Давайце згадаем абставіны вашага звальненьня. Вы казалі раней у інтэрвію, што падставай стаў ваш подпіс за прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку падчас выбарчай кампаніі. Напэўна, было шмат чыньнікаў. Раскажыце, як гэта адбывалася?

— Подпіс за Бабарыку, магчыма, быў фармальнай прычынай. Справа ў тым, што ня толькі мяне пазбавілі працы. У адзін дзень са мной звальнялася 4 ці 5 галоўных лекараў. За адно і тое ж. Проста пра іх так актыўна не распаўсюджвалася інфармацыя ў сацыяльных сетках. І да мяне былі звальненьні. Ведаю, што намесьнік галоўнага лекара больніцы хуткай дапамогі па адной з такіх прычынаў быў звольнены. Ён супер-спэцыяліст у сваёй спэцыяльнасьці, ня толькі адміністратар. Тым ня менш чамусьці Менску ён не спатрэбіўся. На мой погляд, гэта бяда.

«Яны хочуць рукамі кіраўнікоў на месцах усё зрабіць»

— Вы не звальнялі сваіх падначаленых, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, бралі на працу тых лекараў, якіх звольнілі з іншых шпіталяў…

— Не звальняў і браў на працу. Рустам Ізатулін, мой добры сябра, у адзін дзень са мной напісаў заяву на звальненьне. Сказаў: «Я ведаю, што цябе звальняюць, я ў такой сытуацыі працаваць ня буду. Ты апошні дзень працуеш, падпішы маю заяву на звальненьне». Я падпісаў, і ён разам са мной і сышоў. Андрэй Вітушка — доктар высокай клясы, рэаніматоляг-нэанатоляг. Падаецца, ён адзіны абараніў кандыдацкую на беларускай мове. (Максім Ачарэтні браў на працу звольненых Ізатуліна і Вітушку).

Былі затрыманьні і супрацоўнікаў маёй былой лякарні. Я прааналізаваў статыстыку. У кожнай мэдычнай установе быў прыкладна аднолькавы працэнт затрыманых мэдыкаў. 3-я дзіцячая лякарня — невялікая, спаміж каля 450 чалавек маіх падначаленых трое былі затрыманыя. Мы адразу пісалі хадайніцтвы ў суды. Спачатку людзей надоўга не садзілі. Наша мэдсястра ноч сядзела, у панядзелак быў суд, пасьля якога яе вызвалілі, але зь вялікім штрафам. Потым пачалі саджаць на 15 сутак са штрафам, потым на 30 сутак са штрафам, цяпер крыміналку шыюць. Як жа так?

Максымальна, чым мог, я дапамагаў. Званілі мне з розных арганізацый, каб звальняць іх. А на якой падставе звальняць? Я пытаўся, ці будзе мне нейкі загад, каб звальняў. Не, гэта вы будзеце звальняць, адказвалі. Не, я нікога ня буду звальняць, гаварыў. Яны хочуць рукамі кіраўнікоў на месцах усё зрабіць. Нехта вядзецца на гэта. А я за сваёй рэпутацыяй сачу. Я лічу ганьбай так рабіць.

— Паведамлялася, што за аднаўленьне вас на працы зьбіраўся змагацца калектыў лякарні. Чаму не атрымалася? Ці магло атрымацца?

— Калі я прыйшоў разьвітвацца, яны сказалі, што напісалі ліст, каб мяне не звальнялі, і падпісалі яго. Я папрасіў не даваць лісту ходу. Навошта ім яшчэ мае праблемы, ім працаваць і жыць у Менску. На маю просьбу мне аддалі гэты ліст з подпісамі. Сказалі, каб рабіў зь ім, што захачу.

— Надзея Пятроўская — былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, якая звольнілася на знак пратэсту пасьля таго, як зьнялі з пасады яе дырэктарку, а пазьней была вымушаная зьехаць у Чэхію, — казала ў інтэрвію, што яна лічыць, што быў шанец на самым пачатку ў калектываў адстаяць і дырэктара РНПЦ кардыялёгіі, і яе цэнтру, калі б быў сапраўды масавы страйк лекараў на самым пачатку. Ці згодныя вы?

— Цяжка меркаваць, але мне няясна, як можна зрабіць страйк мэдыкаў. Калі яны ня пойдуць працаваць, гэта, безумоўна, выклікае незадаволенасьць насельніцтва. Можна адкласьці плянавыя апэрацыі і шпіталізацыі, але на які час? Людзям патрэбная мэдычная дапамога. Ніякую неадкладную дапамогу зусім ніяк не адменіш. Людзі б не зразумелі, мне так падаецца. Я не ўяўляю, як зрабіць страйк мэдыкаў. Кажуць, што гэта магчыма, але сам мэханізм мне незразумелы.

— Вы ня толькі спэцыяліст высокай клясы, які за доўгія гады працы ўратаваў сотні дзіцячых жыцьцяў, але і спрактыкаваны мэнэджар. Вы павінны ведаць, як прымаюцца рашэньні на больш высокім узроўні, і ведаць пра настроі мэдычнага чынавенства. Ці ёсьць там усьведамленьне катастрафічнай сытуацыі для мэдыцыны ў бліжэйшай будучыні, калі працягнуцца звальненьні, рэпрэсіі, адʼезд дактароў?

— Гэта ідзе зьверху. Я абсалютна дакладна ведаю, што рашэньне аб маім звальненьні не ішло ад майго непасрэднага начальства, камітэту аховы здароўя. Я дакладна ведаю, што гэта ішло зьверху і яшчэ вышэй. А хто? Магу толькі меркаваць, што зь Мінздароўя, а можа і вышэй, напрыклад ад Натальлі Іванаўны, якая курыруе сыстэму аховы здароўя. На мой погляд, Піневіч, якія б ні былі яго чалавечыя якасьці, — спэцыяліст-адміністратар найвышэйшай клясы, наўрад ці б ён ішоў на такія захады.

— Што вам вядома пра настроі калегаў у Беларусі? Як шмат мэдыкаў думаюць пра той крок, які зрабілі вы?

— Статыстыкі не вяду. З размоваў вынікае, што вельмі многія хочуць зьяжджаць. Інтэрны, маладыя лекары, як толькі сканчаюць унівэрсытэт, адразу садзяцца за мовы — польскую, нямецкую, ангельскую, і як толькі ёсьць магчымасьць, шукаюць працу. У Польшчу і Нямеччыну беларускіх лекараў бяруць з задавальненьнем. Здаюць іспыты і прыступаюць да працы. З майго былога аддзяленьня, якім я кіраваў, два чалавекі зьехалі ў Нямеччыну працаваць, адзін — у ЗША.

— Чым адрозьніваецца ўкраінская сыстэма аховы здароўя ад беларускай?

— Не магу параўноўваць, бо я зусім нядаўна тут. Магу меркаваць, што карупцыйны складнік ва Ўкраіне вялікіх маштабаў. Настолькі прынята, што нікога не засмучае, што доктару трэба грошы пакласьці ў кішэню. Шчыра кажучы, мяне гэта шакуе. У Беларусі такога няма.

«Я настроены вярнуцца»

— Раскажыце пра вашу новую працу. Ці на такой вы самай пасадзе, з тым жа заробкам?

— Не. Насамрэч цяпер я займаюся сваёй любімай працай. Я доктар анэстэзіёляг-рэаніматоляг. Гэта тое, што я люблю. Калі я быў галоўным лекарам, шчыра кажучы, мне гэтая праца ня моцна падабалася. Таму, калі мне сказалі, што ня хочуць працягваць са мной працоўныя адносіны, я не засмуціўся. Я засмуціўся таму, што мне сказалі, што я не магу працаваць у дзяржаўных установах краіны. Гэта было непрыемна, дрэнна.

— Ці разглядаеце вы сваю працу ў Адэсе як часовую?

— Так. Я настроены вярнуцца. Калегі пажадалі мне добрай дарогі, падтрымліваюць. Я зьвярнуў увагу, што цяпер баяцца многія. Некаторыя баяліся нават сустракацца са мной, як мяне звольнілі. Але ня ўсе. Я ня крыўджуся, бо такая сытуацыя, што сапраўды страшна.

— Калі стала вядома пра звальненьне, у сацыяльных сетках вельмі шмат людзей, бацькоў дзяцей, якім вы дапамаглі, пісалі вам словы падтрымкі. Што б вы сказалі вашым былым пацыентам і іх семʼям?

— Каб не перажывалі. Засталося шмат калегаў, ня горшых за мяне. Проста атрымалася так, што я быў дастаткова мэдыйным і вядомым чалавекам, але поўна ціхіх добрых дактароў. Не перажывайце, ёсьць каму працаваць. Пакуль што. Хоць я ведаю, што ёсьць нейкі негалосны сьпіс лекараў, якія не даспадобы для сыстэмы аховы здароўя. Сьпіс вельмі спрактыкаваных, дасьведчаных лекараў. І нібыта ўжо ёсьць рызыка, што пройдуць звальненьні ўжо не адміністратараў, не галоўных лекараў ці начмэдаў, размова ідзе пра шараговых лекараў. Разьвітвацца будуць, як і са мной, па згодзе бакоў.

— Што дае вам аптымізм цяпер?

— У мяне пакуль аптымізму няма, на жаль. Я толькі пераехаў у чужую краіну і сумую па радзіме. Спадзяюся, што крыху асвоюся, бо ўкраінцы вельмі добразычлівыя, ветлівыя і прыемныя людзі. Адэса ўвогуле горад шматнацыянальны. І людзі на працы вельмі добрыя. Думаю, што адаптуюся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?